З перспектывай на балтыйскія гульні
Спорт

З перспектывай на балтыйскія гульні

Удала выступілі нашы землякі на першынстве Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2002 года нараджэння ў Гомелі.

Максім Трухноў з Палескага стаў сярэбраным прызёрам у бегу на 400 метраў. Узнагароду такой жа вартасці прынёс ён камандзе Брэсцкай вобласці, выступаючы ў складзе эстафетнага трыа – 600х400х200 метраў. Удалае выступленне дазволіла юнаку трапіць у склад нацыянальнай каманды для ўдзелу ў Балтыйскіх гульнях, якія адбудуцца ў ліпені.

Яшчэ адзін выхаванец Лунінецкай СДЮШАР Сільвестр Мальцаў стаў бронзавым прызёрам у скачках з шастом. Вышыню 280 сантыметраў пераадолелі ўсе тры прызёры, і толькі колькасць спроб стала вызначальнай пры размеркаванні месцаў.

Міжнародная матчавая сустрэча

васьмі краін свету сярод юніёраў адбылася ў Мінску.

У лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага інстытута фізкультуры сабраліся спартсмены з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Турцыі, Францыі, Азербайджана, Украіны і Беларусі. За нашу каманду выступалі двое лунінчан – Павел Дырда і Вікторыя Захарчук. У фінальным забегу на 60 метраў Павел паказаў чацвёрты вынік, а Вікторыя фінішавала пятай на такой жа дыстанцыі, толькі з бар’ерамі.

 

Барацьба за выхад у фінал

У чэмпіянаце раёна па валейболе без паражэнняў пакуль выступаюць “Бальніца” і “Рэдзігераўскі СДК”.

 Акрамя іх, на пуцёўку ў фінал, а іх 4, не губляюць шанцаў “Спецжалезабетон”, “Феміда”, “Дварэц” і “Гневань”.

Аматары валейбола могуць падтрымаць каманды падчас суботніх і нядзельных матчаў, якія пройдуць у політэхнічным каледжы. Пачатак – у 10 гадзін.

 

Паласа перашкод для абаронцаў айчыны

Каманды каледжаў Лунінца і воінскай часці трымалі выпрабаванне на спрытнасць, хуткасць і эрудыцыю ў спаборніцтвах, прысвечаных Дню абаронцаў Айчыны, якія прайшлі ў політэхнічным каледжы.

На працягу дзвюх гадзін юнакі дэманстравалі свае фізічныя здольнасці ў падцягванні, адцісканні, дамбайскім боксе, эстафеце з агнявым рубяжом, перацягванні каната і ў веданні асноў і гісторыі ваеннай справы.

Па выніках усіх выпрабаванняў лепшымі сталі ваеннаслужачыя. На другім месцы – навучэнцы сельскагаспадарчага каледжа, на трэцім – гаспадары.

Пераможцы і прызёры ў камандным і асабістым заліку атрымалі прызы ад арганізатараў – РФСК “Здароўе”, ДТСААФ, БРСМ і аб’яднання прафсаюзаў.

   

Без сенсацый

У 14-ты раз сустракаліся паміж сабой “Граніт” і “Лідсельмаш” у рамках чэмпіянату краіны за перыяд выступлення ў вышэйшай лізе. І яшчэ ні разу мікашэвіцкім футбалістам не ўдалося ўзяць верх над сапернікам. Не адбылося цуда і ў мінулую суботу.

Паназіраць за падзеямі ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Граніт” прыйшлі прыкладна 250 чалавек. Госці актыўна пачалі сустрэчу і на першай хвіліне ад-крылі лік. Хутка Віталь Халімончык адыграў мяч, але лідчане былі настроены толькі на перамогу і яшчэ да перапынку зрабілі адрыў – 3:1. На тры галы “гранітаўцаў” у другім тайме госці адказалі шасцю. Такім чынам, 9:4 – перамога “Лідсельмаша”.

З цікавых статыстычных да-дзеных можна адзначыць той факт, што гол Аляксандра Самусевіча ў гэтым матчы быў сёмы ў вароты футбалістаў з Гродзеншчыны. Тым самым капітан “Граніта” стаў шостым іграком, які правёў у вароты славутай каманды 7 і больш мячоў.

У бліжэйшыя выхадныя адбудуцца матчы чарговага тура чэмпіянату краіны. “Граніт” будзе прымаць “Дынама-БНТУ”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть