Крок у вялікае жыццё! Першая настаўніца Ларыса Юргель
МикашевичиНовости районаОбществоМолодежьОбразование

Крок у вялікае жыццё! Першая настаўніца Ларыса Юргель

Пагадзіцеся, амаль для кожнага з нас першая настаўніца застаецца самым дарагім чалавекам на ўсё жыццё. Яна як другая матуля, што ахінала сваёй пяшчотай і клопатам, радавалася і перажывала разам з намі, вучыла пазнаваць свет. Няўклюдна трымаючы ў руках аловак, мы разам з ёй старанна выводзілі нясмелыя літары, якія пераўтвараліся ў словы, чыталі па складах, лічылі на палачках. Яна, такая высакародная і мудрая, вяла нас у дзівосную і нязведаную краіну ведаў. Многія лічаць, што паспяховасць вучняў не толькі ў пачатковых класах, але і ў далейшыя школьныя гады ў значнай ступені залежыць ад асобы першага настаўніка. Нездарма ж кажуць, што педагог жыве ў думках і ўчынках сваіх выхаванцаў, і тое, што было закладзена ім у дзіцячых сэрцах, застанецца назаўсёды.

Ларыса Юргель выгадавала і выхавала не адно пакаленне жыхароў Дрэбска. Настаўніцкай дзейнасці гэтая цудоўная жанчына прысвяціла амаль чатыры дзесяцігоддзі. Чулая і адкрытая, яна вучыла хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі чытаць і пісаць, але і любіць сваю Радзіму, шанаваць і паважаць старэйшых, быць адказнымі за свае ўчынкі. Да кожнага дзіцяці яна ўмела знайсці свой падыход, раскрыць яго творчы патэнцыял. Можа таму і прыгадваюць удзячныя землякі заўсёды добрымі словамі сваю першую настаўніцу, якая сёлета адзначыла свой 92-гі дзень нараджэння.

Ларыса Антонаўна нарадзілася ў студзені далёкага 1933 года на Міншчыне, у вёсцы Сяльцо. Няпросты лёс чакаў дзяўчынку. Вайна застала Ларачку (так цёпла яе называлі родныя) ва ўзросце 8 гадоў. Тады і скончылася яе бесклапотнае дзяцінства, яна добра помніць гады нямецка-фашысцкай акупацыі, калі на роднай зямлі свае жорсткія парадкі ўсталёўвалі нацысты.

– Камандзірам партызанскага атрада імя Сталіна быў Валік Бандарэнка, – гаворыць былая настаўніца, якая, дарэчы, на свае гады мае фенаменальную памяць. – Мая матуля дапамагала народным мсціўцам, перадавала неабходныя звесткі. А сувязной была я, хаця тады гэтага зусім не разумела. Рабілася ўсё такім чынам: у мае косы матуля ўплятала запіскі, у якіх паведамлялася важная інфармацыя, і адпраўляла мяне да бабулі Матруны. Жанчына паперы забірала, а мне ў кошык заўсёды клала яблыкі, масла, ці акрайчык хлеба, прыгаворваючы: “Вось табе, унучанька, гасцін-чык”. І я спрытна бегла назад да хаты. Страх панаваў усюды, галадалі, рады былі нават чэрствай скарыначцы. А ведаеце, як здабывалі соль, якая лічылася на вагу золата? З зямлі, яна ж у нас на Старобіншчыне спрэс салёная. Шмат чаго давялося перажыць і дзецям, і дарослым. Вайна не выбірала хто перад ёй: стары ці малы: усіх пад адну грабёнку. Нават не хочацца прыгадваць той час, не давядзі Гасподзь, каб нешта падобнае калі-небудзь яшчэ здарылася на нашай зямлі.

Пераможны май 1945 года падарыў надзею і веру ў лепшае і самае галоўнае – будучыню. Ларачка заўсёды цягнулася да навукі, усе прадметы даваліся дзяўчынцы лёгка. Валодаючы цудоўнай памяццю, яна ўсё лавіла на ляту. А яшчэ, напэўна, сказаліся татавы гены.

– Мой бацька, Антон Лукіч Юрэвіч, вядомы мовазнавец, працаваў у Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, аўтар шматлікіх навуковых выданняў, – гаворыць Ларыса Антонаўна. – Ён пазнаёміўся з маёй матуляй, калі настаўнічаў у нашай вясковай школцы і кватараваў у майго дзядулі. Паміж маладымі ўспыхнула ўзаемнае пачуццё, яны пажаніліся, але шлюб аказаўся нядоўгім. З бацькам усё жыццё падтрымлівала стасункі. Мужнасці яму не займаць. У маі 1939 года быў прызваны на тэрміновую службу, якую праходзіў у агнявой брыгадзе артылерыйскага злучэння. Ваяваў на Заходнім фронце. У страшным 1941-ым трапіў у фашысцкі палон. Якія здзекі ён там перанёс, нават уявіць немагчыма, але заўсёды заставаўся чалавекам. Не здрадзіў свайму народу, прысязе, якую даваў на вернасць Радзіме. За тое, што праводзіў агітацыю супраць уласаўцаў, нацысты яго адправілі ў канцэнтрацыйны лагер смерці Дахау. Адтуль у яго разам яшчэ з некалькімі таварышамі атрымалася збегці. Двойчы на бацьку прыходзілі “пахаванкі”, але лёс аказаўся шчаслівым, ён выжыў у той страшнай віхуры, а пасля вайны працягнуў навукова-даследчыцкую работу.

Ларыса Антонаўна ў далёкіх 50-ых гадах скончыла Слуцкае педвучылішча і па размеркаванні накіравалася на першае месца сваёй работы – на Любаншчыну. Аднойчы, едучы ў цягніку, пазнаёмілася з маладым чалавекам, чыгуначнікам. Гэтая сустрэча аказалася лёсавызначальнай, праз пэўны час маладыя згулялі сціплае вяселле.    

– Бедна тады жылі, шыкаваць асабліва не было за што, – прыгадвае мая субяседніца. – Распісваліся ў Любанскім сельскім Савеце, што на Міншчыне, тры рублі за рэгістрацыю шлюбу заплацілі. Затым мужа перавялі на чыгуначную станцыю у Лунінец, я сабрала свой ня-хітры скарб і накіравалася за каханым. З таго часу і асталяваліся ў райцэнтры. Нарадзілі тут і выгадавалі траіх дачушак-шчабятушак.

Каля сарака гадоў працоўнай дзейнасці Ларыса Антонаўна прысвяціла сістэме адукацыі. Спачатку настаўнічала ў Любачынскай сярэдняй школе, затым некалькі гадоў пры святле газніцы навучала хлопчыкаў і дзяўчынак на хутары Падмарочнае, і каля трыццаці гадоў адпрацавала ў Дрэбскай пачатковай школе. У вёсцы яе вельмі любілі і паважалі, і зараз былыя вучні падтрымліваюць сувязь са сваёй першай настаўніцай.

– А як жа іначай, шаноўная Ларыса Антонаўна была для нас як другая матуля, – з цеплынёй у голасе кажа старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Зубко, – такая родная і ласкавая, добрая і ў той жа момант строгая, але справядлівая. Дзіўна, столькі часу прайшло, а яе ўрокі я і сёння помню. Яна настолькі магла нас захапіць, што мы з задавальненнем беглі ў школу, да яе на заняткі. Гэта быў самы шчаслівы і няўрымслівы час. Мы тэлефануем адзін аднаму, і Ларыса Антонаўна заўсёды цікавіцца, што новага адбываецца ў Дрэбску, як пажываюць яе ўжо даўно сталыя вучні.

Настаўніца выкладала прадметы не толькі зразумела і даступна, але і гаварыла з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, як з роўнымі, выхоўвала з першага класа ў іх любоў да свайго куточка, да Радзімы. Яны разам адпраўляліся ў невялічкія падарожжы па ваколіцах роднай вёскі, падчас якіх Ларыса Антонаўна апавядала розныя цікавыя гісторыі. Асабліва западалі ў душу яе расказы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра жорсткія баі, што ішлі на ўскрайку Дрэбска пры фарсіраванні ракі Цна. Яна неназойліва з маленькіх год выхоўвала ў дзіцячых душах пачуццё патрыятызму. Былыя вучні і сёння згадваюць урокі Ларысы Антонаўны. Напрыклад, на прырода-знаўстве настаўніца казала сваім выхаванцам:

– Паглядзіце, ля школы растуць дзьмухаўцы. Паназірайце за кветкамі, а потым раскажаце мне, што вы заўважылі.

На наступным занятку, перабіваючы адзін аднаго, пачаткоўцы будуць з цікавасцю гаварыць, што дзьмухаўцы падобныя на людзей. Увечары, на заходзе сонца, кладуцца спаць, закрываючы свае бутоны, а раніцай прачынаюцца, распраўляючы пялёсткі.

Пасталеўшых вучняў, у якіх ёсць унукі і нават праўнукі, яна нязменна лічыць сваімі дзецьмі і за лёс кожнага перажывае. Здаецца, каб магла, то аддала б усё на свеце, каб яны былі шчаслівымі, і чорныя хмары няўдач ім ніколі не засцілі неба. Колькі дзяцей вывяла ў вялікі свет дасціпная Ларыса Антонаўна, не пералічыць. Яна і сёння іх называе ласкава: “Мае драбчукі” і крышачку сумуе па вясковай школе, якой прысвяціла значную частку свайго жыцця.

Кацярына Бурык.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть