Першае месца ў раённым спаборніцтве на ўборцы ўраджаю — у «Гарадоцкага»
Агропром

Першае месца ў раённым спаборніцтве на ўборцы ўраджаю — у «Гарадоцкага»

Раніца, аўтамабіль, поле… Прыкладна так падчас уборачнай кампаніі пачынаўся кожны новы дзень у старшыні дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі” Аляксандра ЕПІШКА. Яго моцна загарэлы твар быццам захоўвае водбліск нядаўняга гарачага жніва, якое кіраўнік па праву лічыць сваім.

– Так сталася, што прыйшоў у гаспадарку ў 2015-ым, калі без мяне закладвалі аснову будучага ўраджаю. Іншая справа – сёлета. Разам са спецыялістамі строга сачылі за тым, як рыхтавалася глеба пад сяўбу, уносіліся ўгнаенні, ішоў догляд за пасевамі. Агульнымі намаганнямі ўдалося культуру земляробства ўзняць на новы ўзровень. І гэта дало плён. У 2017 годзе пры ўраджайнасці 33,9 цэнтнера з гектара намалацілі 4 745 тон зерня, што амаль на чвэрць больш, чым у мінулым годзе. Ня-гледзячы на тое, што першыя камбайны выйшлі ў поле на тыдзень пазней, чым летась, ужо 13 жніўня дасягнулі ў валавым намалоце мінулагодняга ўзроўню. Да канца жніва, а завяршылі яго ў вызначаны тэрмін, усе экіпажы сталі тысячнікамі, а лідар спаборніцтва Мікалай Боўбель у пары з Анатолем Ільічом намалацілі больш як 1700 тон збожжа.

Жніво не было простым. Тэхніка ў нас не новая, таму пэўныя збоі стараліся папярэдзіць, але таго, што здарылася з самым старым адноўленым да жніва камбайнам, не мог прадугледзець ніхто. Калі ў першы раз выйшаў са строю рухавік, наша інжынерная служба ў рэкордна кароткі час здолела памяняць яго на іншы. Ды толькі на гэтым выпрабаванні не закончыліся. Праз некаторы час і ён, як кажуць, загадаў доўга жыць. Аператыўна вырашылі праблему з набыццём новага “сэрца” для камбайна, і ўжо ледзь не на фінішнай прамой тэхніка працавала на нівах! Сёння хачу выказаць не толькі ўдзячнасць, захапленне работай інжынернай службы гаспадаркі, асабліва – ўнікальнымі здольнасцямі галоўнага інжынера Івана Мікалаевіча Каратыша і вядучага інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку Андрэя Валер’евіча Сацукевіча.

Нягледзячы на тое, што на экватары ўборачнай кампаніі ў полі працавалі толькі тры камбайны, і нагрузка на кожны з і так немалых 330-ці гектараў павялічылася да 370-ці, узяты тэмп не збаўлялі. Людзі дэманстравалі зайздросную настойлівасць і ўпартасць. Познім вечарам механізатары, нягледзячы на стомленасць, рыхтавалі тэхніку да заўтрашняга дня, каб не губляючы ні хвіліны, з першымі промнямі выйсці ў поле.

Мы шчыра ўдзячны ўсім сельгасарганізацыям раёна, якія, управіўшыся са жнівом на сваіх нівах, паспяшаліся да нас на дапамогу. Той факт, што ў аптымальныя тэрміны здолелі прыбраць вырашчаны хлеб, а вільготнасць зерня не перабольшвала 14-17 працэнтаў, і іх заслуга. Спаўна выкананы дзяржзаказ.

Зладжана працавалі дапаможныя службы. Як і ў іншыя гады, гарачае харчаванне для працаў-нікоў арганізоўвалі ўласнымі сіламі. Нараканняў на смакавыя якасці страў, якія гатавалі для хлебаробаў нашы повары, не было.

Пастараліся абысціся на жніве і без дапамогі пажарных, прыстасаваўшы пад спецыяльную тэхніку тую, якая была ў наяўнасці. На шчасце, неабходнасці прымяняць яе не было.

Разумеючы, што работа хлебароба не ведае святаў і выхадных, пасля кароткай перадышкі тэхніка зноў выйшла ў поле – рыхтаваць глебу пад азімую сяўбу. Нягледзячы на тое, што стараемся аддаць перавагу яравым культурам (наша глеба прыстасавана пад іх больш), азімы клін меншым, чым летась не будзе: належныя 600 гектараў пад яго адвядзем. “Гарадоцкі” захавае сваё прызначэнне насеннага элітгаса.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть