Умовы ёсць – справа за вынікам
Агропром

Умовы ёсць – справа за вынікам

фермаВыдатны падарунак у выглядзе двух рэканструяваных кароўнікаў, сучасных малочнай залы і блока з шэрагам дапаможных памяшканняў напярэдадні Новага года атрымалі жывёлаводы СВК “Хваецкае”.
Як расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Кляўцэвіч, гэтай падзеі чакалі каля двух год. Рэканструяваныя збудаванні сталі заключным этапам у стварэнні малочнага комплексу гаспадаркі, першая чарга якога ўведзена ў строй у 2012-ым. Сёння тут сканцэнтраваны ўвесь дойны статак, які складае 960 галоў. Толькі за апошнія пяць год ён павялічыўся на трэць, а з завяршэннем комплексу ў гаспадаркі паявілася магчымасць мець не менш як 1 тысячу кароў. І яе тут пастараюцца не ўпусціць, таму што вытворчасць малака па-ранейшаму застаецца рэнтабельнай і прыносіць добры прыбытак. Па выніках мінулага года яго атрымалі амаль 3400 тон, або 100,4 працэнта да ўзроўню 2012 года. 2968 тон малака прадалі дзяржаве (43 працэнты класам экстра і 34 працэнты вышэйшым гатункам). Прыбытку ад рэалізацыі атрымалі 240 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці склала 2,8 працэнта. Ладзіліся ў гаспадарцы справы і з вытворчасцю мяса, якога рэалізавалі 269 тон, што на 10,5 тоны больш, чым у папярэднім годзе.
Пад кіраўніцтвам загадчыцы Марыі Дуньчык на новым участку працуюць 3 жывёлаводы, 3 аператары машыннага даення, слесар і вадзіцель.
Безумоўна, у плане вытворчасці прадукцыі калектыў робіць толькі першыя крокі, але і яны абнадзейваючыя. На працягу снежня ад кожнай каровы ў суткі атрымлівалі ў сярэднім па 14 літраў высокагатунковага малака. Не зніжаюцца надоі і зараз. Аператары машыннага даення Алена Ільючык і Валянціна Косміч перайшлі ў новае памяшканне са сваімі групамі кароў першым целем. Кожная падрыхтавала і раздаіла па 80 жывёлін. Старанна да сваіх абавязкаў адносіцца і падменная даярка Вера Бут-Гусаім. Рабоце ў жывёлагадоўлі гэтыя жанчыны прысвяцілі больш як па 20 год. Яны добра памятаюць час, калі многія работы даводзілася выконваць уручную. Значнай палёгкай стала абсталяванне фермаў малакапровадамі, якое надзвычай актуальным было гадоў пяць таму. Хто б мог падумаць, што работу жывёлаводаў можна будзе ўдасканаліць і аблегчыць да цяперашняга ўзроўню?
Складанае даільнае і хала-дзільнае абсталяванне патрабуе пастаяннага кантролю. За гэтым сочыць слесар Генадзь Клютко.
Пры ўсім старанні даглядаць па-старынцы такі вялізны статак не змог бы і жывёлавод Канстанцін Багданец. Па ўзросту сёлета ён можа ісці на пенсію, але наўрад ці згодзіцца: з меха-нізацыяй працэсаў кармлення і ўборкі гною працаваць стала значна лягчэй.
Сучасныя ўмовы падабаюцца і лабаранту Вераніцы Хамула. У калектыў хваецкіх жывёлаводаў яна прыйшла тры гады таму. Ураджэнка Мурманска, якая дагэтуль жыла ў Расіі, маці сына і дачкі школьнікаў-выдатнікаў, яна ўсім сэрцам прыняла вёску Вулька 1 з яе ўкладам жыцця і марыць толькі пра тое, каб дзеці знайшлі сваю будучыню на беларускай зямлі, якая так гасцінна сустрэла сям’ю.
Жывёлагадоўчы комплекс”Хваецкага” знахо-дзіцца ў некаторай аддаленасці ад вёскі. Але самастойна дабірацца да месца работы працаўнікам не даводзіцца. Для гэтых мэт ёсць утульная “Газель”, якой кіруе вопытны вадзіцель Іван Піліпчык.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть