АгропромЭкономика

Запасы з дзятлавіцкіх сенажацей

Нягледзячы на складанае эканамічнае становішча, у якім апынулася дзяржаўнае прадпрыемства “Дзятлавіцкі”, забеспячэнне грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы кармамі на зімова-стойлавае ўтрыманне па-ранейшаму – задача першаступенная.
Сёлета травы першага ўкосу ім неабходна было ўбраць на плошчы 800 гектараў. Не маючы дастаткова сваёй тэхнікі, тым не менш, як і большасць гаспадарак Лунінеччыны, да работ прыступілі 25 мая, а 26-га на дапамогу прыйшоў корманарыхтоўчы атрад з ААТ “Лунінецкі райаграсервіс”, укамплектаваны касілкай, “Ягуарам”, граблямі і двума трактарамі на адвозцы зялёнай масы. Калі выключыць граблі, то ў такім складзе працавалі на працягу 10 дзён…
Калі наведаліся ў “Дзятлавіцкі”, на сенажацях заставалася толькі корманарыхтоўчае звяно гаспадаркі. Сустрэліся з галоўным аграномам Яўгенам Грыневічам, пад кантролем якога ішла нарыхтоўка сена. Мяркуючы па настрою, справы ладзіліся: тэхніка працавала без збояў, а лёгкі ветрык і цёплае сонейка хутка падсушвалі траву, якую падварушваў граблямі механізатар Мікалай Вайтовіч:
– Новыя граблі толькі першы сезон выкарыстоўваем, – расказаў Мікалай Уладзіміравіч, які на хвіліну прыпыніў тэхніку. – Чыста грабуць. Ва ўсякім выпадку не горш за тыя, што ў калегі Аляксандра Хлуда, які нядаўна з арміі вярнуўся.
–Добры трактарыст, – зазначыў у адрас Аляксандра Яўген Грыневіч. – Ён і да арміі ў нас з гэтымі граблямі працаваў. Сёння ж на іншым участку заняты, а з наяўнымі аб’ёмамі Мікалай Вайтовіч спраўляецца.
Як стала вядома з далейшай гутаркі, да нарыхтовак сена ў гаспадарцы прыступілі нядаўна, раней усе сілы былі накіраваны на закладку сенажу, якога неабходна назапасіць 5 тысяч тон. Сена ж плануецца мець 50 тон. Частка яго ўжо запрасавана, частка згрэбваецца, частка – яшчэ толькі косіцца. І займаецца гэтым адзін з найбольш вопытных механізатараў Мікалай Чарнавокі.
Акрамя названых механізатараў у корманарыхтоўчым звяне старанна працуюць на трамбоўцы сенажу Сяргей Касач і Яўген Вайтовіч, на падборы зялёнай масы – Аляксандр Емельяновіч, на адвозцы – Аляксандр Бабіч і Вячаслаў Зылевіч, а прасаваннем сена займаецца Аляксандр Хомка:
– Сёння ў мяне незвычайны дзень – двое выпускнікоў, – падзяліўся сваёй радасцю Аляксандр Канстанцінавіч. – Сын Саша атрымлівае атэстат аб заканчэнні 11 класаў, дачка Іна – 9 ці. Яна, зразумела, у 10-ты пойдзе, а вось Саша, кудысьці паступаць збіраецца. Але нам з жонкай, пра гэта яшчэ канкрэтна не гаворыць. Маўляў, не вызначыўся. Хутчэй за ўсё, хітруе…
У гаспадарцы Аляксандр Канстанцінавіч працуе больш за 20 год. За гэты час выдатна авалодаў усімі відамі трактароў. Выдатна спраўляецца на любых сельскагаспадарчых работах – ворыве, касьбе, прасаванні і жніве.
Пажадаўшы яму ўдачы, накіраваліся на палявы стан, дзе на ноч пад аховай вартаўніка застаецца тэхніка. Тут сустрэліся з раздатчыцай абедаў Аленай Бабіч:
–Толькі закончыла мыць посуд. Сёння 20 чалавек кармілі на рабочых месцах. Ежу гатуюць повары грамадскага харчавання. Нараканняў на якасць ад працаўнікоў не чула, – расказала жанчына.
У гаспадарцы Алена Бабіч працуе другі сезон. Акрамя раздачы ежы, жанчына выконвае абавязкі вагаўшчыка.
Прыемнае ўражанне засталося не толькі ад сустрэч з корманарыхтоўшчыкамі сельгаспрадпрыемства, але і ад гутаркі з вадзіцелем Мікалаем Канапацкім, разам з якім дабіраліся на сенажаці. Мікалай Карнеевіч не шкадаваў добрых слоў у адрас сваіх калег. Бедаваў толькі пра тое, каб не трапіла гаспадарка ў банкруты.
На дзень выхаду “ЛН” у “Дзятлавіцкім” травы першага ўкосу скасілі на плошчы 784 гектары, падабралі з 526 га, нарыхтавалі 92 тоны сена, 1790 тон сенажу.
Галіна КУЧЭЙКА

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть