ПромышленностьЭкономика

Жалезны паток

Сваіх радовішчаў жалезнай руды ў Беларусі няма. Разам з тым, металы прымяняюцца ва ўсіх галінах прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і на транспарце. Адкуль жа браць сыравіну? Вядома ж, з лому. У такой сітуацыі яго нарыхтоўка і перапрацоўка набывае асаблівае значэнне. У краіне працуе 40 сучасных цэхаў і ўчасткаў прыёму лому дзяржаўнае аб’яднанне «Белдругмет». Адзін з іх – Лунінецкі ўчастак УП “Брэстдругчармет” узначальвае Уладзімір Канапацкі:

– Адна тона металалому пры выплаўленні сталі дазваляе эканоміць звыш 1,8 тоны руды, агламерату і акатышаў, паўтоны коксу, 45 кілаграмаў флюсаў і каля 100 кубічных метраў прыроднага газу. Складана не заўважыць у гэтых лічбах выгаду, а значыць, і важнасць справы, якой займаюцца нарыхтоўшчыкі. Галоўны сэнс нашай работы заключаецца менавіта ў тым, каб сабраць для спажыўца, такі патрэбны яму метал. Адзіная дакладная сістэма работы з каштоўным другасным рэсурсам на постсавецкай прасторы захавалася толькі ў нашай краіне. Гэты жалезны паток мы накіроўваем у легальнае цывілізаванае рэчышча. Прадпрыемствам штогод даво-дзіцца дзяржаўны заказ на здачу другаснай сыравіны. За мінулы год наш участак выканаў яго на 102,4 працэнта. Дзякуючы скаардынаванай рабоце ўлады і суб’ектаў гаспадарання Лунінеччыны, нарыхтавалі больш як 7,5 тысячы тон металалому. Найбольшы ўклад у агульную справу ўнеслі РУВП “Граніт”, райспажыўтаварыства, ААТ “Спецжалезабетон”, прадпрыемствы чыгункі. Прыемна парадавалі летась і аграрнікі.

Наладжана работа не толькі з юрыдычнымі асобамі, але і з фізічнымі. Прымаем металалом як у Лунінцы, так і ў Мікашэвічах. Людзі пазбаўляюцца ад старых аўтамабіляў і іх дэталяў, ад тэхнікі і розных прадметаў хатняга ўжытку, прывозяць жалезныя бочкі, старыя ванны і батарэі. У грамадзян прымаем выключна бытавы металалом. Абавязкова правяраем яго на наяўнасць выбухованебяспечных прадметаў…

За першае паўгоддзе наш невялікі калектыў з 12 чалавек прызнаны лепшым сярод аналагічных у структуры УП “Брэстдругчармет”. Мяркую, што і па выніках года, якія будуць абвешчаны ў хуткім часе, таксама трапім у лік лідараў. Так, прадукцыйнасць працы за мінулы год склала 102,4 працэнта, выпрацоўка на 1 чалавека ў супараўнальных цэнах дасягнула 116,5 тысяч рублёў, індэкс фізічнага аб’ёму – 103,1 працэнта. За ўсімі гэтымі лічбамі – старанная праца нашых работнікаў, у іх ліку – машыніст крана Яўген Юрцэвіч, газарэзчык Аляксандр Лашко. Апошні адзначаны падзякай дзяржаўнага аб’яднання “Белдругмет”, з’яўляецца прызёрам абласных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства. Імёны абодвух працаўнікоў (дарэчы, як і начальніка Уладзіміра Канапацкага – рэд.) занесены на дошку гонару галіновага прадпрыемства.

Акрамя нарыхтоўкі займаемся і перапрацоўкай. Летась 56 працэнтаў перапрацавалі на месцы. Мы пастаўляем лом беларускім прадпрыемствам, якія маюць ліцейную вытворчасць. Галоўным з іх з’яўляецца Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Чыгунны лом запатрабаваны на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання, сталёвы і чыгунны накіроўваем на трактарны, аўтазавод, магілёўскі металургічны, гомельскі «Цэнтраліт» і іншыя прадпрыемствы.

Выказваю словы ўдзячнасці нашым чыгуначнікам, якія штодзень забяспечваюць вагонамі для адпраўкі лому спажыўцам. Спыняцца на дасягнутым не збіраемся. У нас ёсць патэнцыял.

Будзем і надалей паляпшаць умовы працы, каб павялічваць вытворчыя паказчыкі. Вельмі разлічваю на мадэрнізацыю, якая запланавана на бліжэйшыя гады.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть