«Пішу — нібыта міласці прашу»
Культура

«Пішу — нібыта міласці прашу»

КазунПра такіх, як Максім Казун кажуць “пацалаваны Богам”. Ён і сапраўды таленавіты ва ўсім.

Першыя сцежкі дзяцінства былі пракладзены ў Вічыне. Несучы праз жыццё любоў да мясцін маленства, роднай вёсцы Максім Міхайлавіч так і не здрадзіў, штодня дабіраючыся адсюль на работу ў Лунінец. А працаваць пачаў у 16 год рознарабочым прарабскага ўчастка. Пасля таго як у Пінскім саўгасе-тэхнікуме атрымаў спецыяльнасць землеўпарадчыка, уладкаваўся ў дыстанцыю пуці, дзе працуе вось ужо 37 год.

– Пачынаў наглядчыкам збудаванняў, – успамінае наш суразмоўца. – Прыняўшы “пад апеку” 160 будынкаў (а гэта жылыя і вытворчыя памяшканні), не ведаў спакою ні днём, ні ноччу. Размяшчаліся яны не толькі ў Лунінцы, але і ў Баранавічах, Ляхавічах, Жыткавічах… Ездзіць туды даводзілася часта, таму дарогу і зараз знайшоў бы з заплюшчанымі вачамі.

Неспакойная работа, аднак, захапіла. Ды і кіраўніцтва не замарудзіла па вартасці ацаніць прафесіяналізм, цярплівасць і надзвычайную акуратнасць работніка. Неўзабаве ён стаў майстрам, а паслужны спіс застракацеў шматлікімі адзнакамі стараннай працы, сярод якіх – дзве вышэйшыя ўзнагароды раёна і адна – вобласці. А сёлета Максім Міхайлавіч атрымаў ганаровае званне “Чалавек года-2012”.

Сёння невялікі калектыў, якім кіруе М.М. Казун, адказвае за стан 72-ух вытворчых і 10-ці жылых будынкаў. Як і дзясяткі год таму раніцай спяшаецца майстар туды, дзе сустракаюць шчырасцю і павагай, асабліва цэнячы тактоўнасць і па-бацькоўску цёплае стаўленне да моладзі. Як цяжка даюцца першыя крокі станаўлення, ён ведае не па чутках, з’яўляючыся галоўным дарадцам для чацвярых сваіх дзяцей. Трое дачушак і сын ужо дарослыя і ладзяць самастойнае жыццё, але мудрае слова бацькі заўсёды дарэчы.

З асаблівым гонарам расказвае Максім Міхайлавіч пра тое, што дачушкі маюць вышэйшую адукацыю, што па-сапраўднаму мужную прафесію – вальшчык лесу – выбраў сын. Але ж з асаблівай пяшчотай адзначае той факт, што дзеці з’яўляюцца своеасаблівым працягам яго, Максіма Міхайлавіча, жыццёвых талентаў, а з-пад пяра адной з дачок – Вольгі – не-не ды і народзяцца пранікнёна-
шчымлівыя радкі, так характэрныя для творчасці бацькі.

Літаратурны талент Максіма Казуна шмат год таму знайшоў увасабленне ў вершах, абразках, апавяданнях на старонках раённай газеты. Адданыя прыхільнікі з нецярплівай радасцю сустракаюць яго шчырыя і кранаючыя жыццёвыя аповяды. Услаўляючы родную Лунінеччыну і сталёвую магістраль, якой прысвяціў сваю працоўную біяграфію, Максім Казун неаднаразова станавіўся пераможцам галіновых фестываляў паэзіі. Рэдагуючы газету “Пуцеец”, ён і сёння нястомна чэрпае натхненне для новых твораў у добрым і светлым стаўленні да людзей, якое дапамагае жыць і захоўваць незаплямленай уласную душу.

«ЖАЎРАЗВАНОК»

У пачатку лета пасля рабочага дня паехаў на соткі,  каб паглядзець, як расце бульба. На вузкай сцяжынцы заўважыў хлапчука 6-7 год. Вымушаны  спыніцца, паназіраў за сустрэчным. Басанож, загарэлы, у каляровых трусі-ках,  стаіць,  задраўшы галаву, і цікуе за нечым у небе. Бязлітасна пячэ сонца, прамыя промні б’юць прама ў вочы, якія ён не закрывае, а толькі моцна жмурыцца
ды час ад часу адварочвае тварык.

Заўважыўшы дарослага, хлопчык узняў рукі і, быццам добраму знаёмаму, радасна паведаміў:

–Жаўразванок!

Хацеў паправіць яго, маўляў, дакладна гаварыць “жаўрук”, ды раптам  сам паўтарыў новаўтворанае слова. І таксама ўзняў галаву ў неба. Але як ні напружваў зрок, так і не змог убачыць у нябесным блакіце крылатага  спевака. А песня лілася і лілася ўсё мацней і мацней, а потым нечакана сціхла…

Зрэшты, усё адбылося так, як і павінна было быць. Жаўрук пачынае мелодыю, як толькі адрываецца ад зямлі, і заканчвае, калі  спыняе палёт. Пэўна,  птушка села на гняздо…

Хлопчык шлёпнуў  сябе па каленках далонямі і, падскочыўшы, пабег да вясковых хат, што пачыналіся за палявымі ўчасткамі. А я ўсё думаў пра яго новае слова:

–Жаў-ра-зва-нок!

І раптам простыя склады падказалі рытм песні жаўрука. У цудоўнай мелодыі чуецца ціліканне маленькіх званочкаў. Ад птушыных спеваў вее паўднёвай гарачынёй, пагойдваецца хвалямі спеючая збажына, прасціраецца за небасхіл мая Бацькаўшчына…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть