Мост, які злучае дзяржавы
Культура

Мост, які злучае дзяржавы

подарок1У чарговы раз Лунінец наведала дэлегацыя германскага горада-пабраціма Шэнефельд. Узначаліла яе бургамістр Крысціяне Кюхенхоф.

Праграма знаходжання нямецкіх сяброў на Лунінеччыне дастаткова насычаная. За кароткі час яны змаглі пабываць у сталіцы нашай краіны, наведалі Мірскі і Нясвіжскі замкі, сталі сведкамі фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” у Ляхавічах. Але найбольш гасцей уразіў Лунінец. Дакладней, змены, якія адбыліся тут за тры апошнія гады.

На гэта, вітаючы нямецкіх сяброў, звярнуў увагу і старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. “Мы не палітыкі, а мене-джэры, – запэўніў Васіль Міхайлавіч удзельнікаў дэлегацыі. – Бо галоўнае для нас – работа і эканоміка, ад стану якой залежыць дабрабыт людзей, узровень іх жыцця”. Кіраўнік раёна не стаў спыняцца на тым, што нямецкія госці змаглі ўбачыць на свае вочы. Іх і насамрэч уразіла дыхтоўнасць Лядовай арэны, прыгажосць адноўленага стадыёна “Палессе”, шыкоўны плавальны басейн, зручная гасцініца і ўсебакова аснашчаная бальніца. У дадатак да ўбачанага Васіль Міхайлавіч расказаў пра будаўніцтва новага прадпрыемства па выпуску шчэбеню, рэканструкцыю малочнатаварных фермаў, аднаўленне чыгуначнай станцыі Лунінец і іншыя мерапрыемствы, закліканыя на новы віток узняць развіццё рэгіёна.

Многае са сказанага па-добраму здзівіла нямецкіх сяброў і дало падставу назваць тэмпы развіцця Лунінеччыны не проста шпаркімі, а “пятроўскімі”, параўнаўшы зробленае з рэформамі Пятра І. Крысціяне Кюхенхоф падзякавала за запрашэнне і магчымасць зноў наведаць гасцінны Лунінец. Мэр горада-пабраціма выказала ўпэўненасць, што дружба паміж Лунінцам і Шэнефельдам, правераная дзесяцігоддзямі, будзе ўмацоўвацца не толькі за кошт абмену дэлегацыямі, а і за кошт зносін паміж простымі людзьмі. Пачатак гэтаму пакладзены на ўзроўні спартыўных спаборніцтваў: штогод дзеці з гарадоў-пабрацімаў удзельнічаюць у міжнародных турнірах, якія па чарзе праводзяцца то ў нямецкім, то ў беларускім гарадах.

Старшыня савета мэрыі Гудрун Біхоўскі (на здымку злева) ў Лунінцы ўпершыню. Яна не хавала добрага ўражання ад райцэнтра і людзей і ў знак удзячнасці разам з Крысціяне Кюхенхоф уручыла В.М. Агіевічу вялікую графічную карціну, на якой адлюстраваны мэрыя (ратхаус) і прыгожы мост, які ў Шэнефельдзе завуць Лунінецкім. Па словах Гудрун, “масты дапамагаюць пераадольваць горы і даліны, а ў нас ён злучае не проста два гарады, ён злучае краіны”.

Прыемна было бачыць сярод членаў дэлегацыі Арно Хольцхауэра і Маргу Гецьенс – людзей, якія асаблівы ўклад унеслі ва ўмацаванне пабрацімскіх сувязей паміж Лунінцам і Шэнефельдам. Арно стаяў ля вытокаў гэтага сяброўства, ладзячы яго праз абмен дэлегацыямі музыкантаў. У час прыезду ў Лунінец ён знайшоў час, каб пабываць на гарадскіх могілках і ўшанаваць памяць Наталлі Мурко, якая зачароўвала сваім непаўторным голасам нямецкіх слухачоў.

Пра аўтарытэт на Лунінеччыне Маргі Гецьенс сведчыла тое, як на стадыёне прымалі яе юныя спартсмены. Цеплыня і шчырасць дзіцячых сэрцаў да глыбіні душы расчуліла кіраўніка спартыўнага таварыства “Blau-Weiss 96”.

Час, праведзены на нашай зямлі, замежныя сябры выкарысталі  для таго, каб яшчэ больш пазнаць Лунінец і лунінчан, забраўшы з сабой у далёкі прыгарад Гамбурга цёплыя ўражанні ад гасціннасці беларусаў, якая, па словах абсалютна ўсіх членаў дэлегацыі, застаецца гэткай жа сардэчнай, як і 21 год таму.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть