Культура

Чытайце, таты, казкі…

тата казкиЗ загадчыцай акушэрска-гінекалагічнага аддзялення УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Ірынай Міралюбавай сустрэліся ў рэдакцыі “ЛН” напярэдадні Дня маці. Госця расказала, што нарадзілася ў райцэнтры, вучылася ў Расіі, і вось ужо 25 год працуе на ніве аховы здароўя. Прыгадваючы час станаўлення, шчыра дзякуе настаўнікам і калегам па прафесіі – у першую чаргу, Галіне Драніч, якая дзялілася вопытам і мудрымі падказкамі, а таксама Станіславу Туркоўскаму і Наталлі Шумскай. Сёння складана падлічыць, колькі немаўлят Ірына Мікалаеўна прыняла ў свае рукі, колькім жанчынам падарыла самае каштоўнае багацце – стаць мамай. Зрэшты, вопытны кіраўнік валодае пэўнай статыстыкай:
– За 9 месяцаў бягучага года ў радзільным аддзяленні ў Лунінцы адбылося 355 родаў, што на 30 – менш, чым за аналагічны перыяд летась. Існуе дзве прычыны такой сітуацыі. Па-першае, сёлета ў ліпені на два тыдні мы вымушаны былі закрыць раддом на санітарную дэзінфекцыю. Вядома, штодня праводзяцца вільготныя ўборкі і кварцавыя ачысткі, але падобная апрацоўка рэжымнага аб’екта таксама павінна быць. Па-другое, у рэгіёне скарацілася нараджальнасць (па дадзеных аддзела ЗАГС, за 9 месяцаў 2014-га зарэгістравана 522 нараджэнні, летась – 622 – аўт.). Узрост матуль розны: сярэднім можна назваць 24-25 год. Свае станоўчыя вынікі дае сацыяльная палітыка дзяржавы – гэта матэрыяльныя заахвочванні па цяжарнасці і родах, дапамога на дзяцей да трох год, так званы мацярынскі капітал. Радуе, што часцей жанчыны нараджаюць у трэці і чацвёрты раз. Не сакрэт, сустракаюцца сярод іх парадзіхі з групы сацыяльнай рызыкі, якія жывуць на кошт дзяржаўных выплат. Але, як паказвае практыка, бываюць выпадкі, калі, зацяжарыўшы, будучая матуля пераглядвае лад жыцця, пераасэнсоўвае каштоўнасці. Вядома, нікога не выпісваем без сацыяльнага патранажу: медработнікі наведваюць сем’і, сочаць, як гатовы бацькі да сустрэчы з малышом.
– Цікава, колькі год было самай юнай вашай пацыентцы і самай старэйшай?
– Адпаведна 17 і дзвюм жанчынам – па 42, прычым, у адной з іх гэта былі пятыя роды. Вядома, у большасці сваёй назіраем аднаплодныя цяжарнасці. Тым не менш, ёсць 3 двойні, але паяўляюцца яны на 2-3 узроўнях.
– Што гэта значыць?
– Медыцынская дапамога ў нас аказваецца па рознаўзроўневай сістэме: на першым – стаіць лячэнне па месцы жыхарства, на другім – у міжраённых установах, трэцім і вышэй – абласных і рэспубліканскіх. Безумоўна, эканамічна больш выгадна сканцэнтроўваць высокатэхналагічнае абсталяванне і кваліфікаваныя кадры на самых вышэйшых узроўнях, але і ў нашай бальніцы выдатнае аснашчэнне. Засмучае толькі недахоп спецыялістаў: на 15 стаўках працуюць 5 урачоў, яшчэ 9 – знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках. Вось чаму складана трапіць на прыём у той жа жаночай кансультацыі. Але адчайвацца не трэба: у сур’ёзных выпадках абавязкова прымуць ці ў паліклініцы, ці ў стацыянары.
– Мае сыны паявіліся на свет у выніку натуральных родаў, а вось сяброўкі асэнсавана выбіралі альтэрнатыўны спосаб, маўляў, так захаваюць стройныя фігуры… Якія вашы меркаванні наконт гэтага?
– Прыродай усё даўно размеркавана, але выпадкі здараюцца розныя. Па нашаму аддзяленню вырас працэнт аператыўнага родавырашэння, на які ўплываюць і паўторныя кесарава сячэнні, і зніжэнне індэксу здароўя жанчыны (ёсць розныя паталогіі), і інтарэсы плода. Гэты паказчык ніжэй за сярэднеабласны, і калі параў-ноўваць Лунінеччыну з іншымі раёнамі, мы будзем у сярэдзіне такой табліцы. Паступовае памяншэнне назіраецца і па перынатальнай смяротнасці: у 2012 годзе яна складала 2,4 праміле, у 2013-ым – 2,3, за 9 месяцаў 2014-га – 1,9. Трэба разумець, што не заўсёды ўсё залежыць ад урачоў. Варта мець на ўвазе, у якім стано-вішчы жанчына прыходзіць да цяжарнасці. Лунінчанкі могуць пахваліцца, што кожная ў вызначаны перыяд прымае фоліевую кіслату. Маё пажаданне – гэтак жа абавязкова здаваць аналізы на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Многія з падобных захворванняў не перашкаджаюць нармальнаму жыццю, але яны могуць паўплываць на затрымку ў развіцці плода, узнікненне паталогій, павялічыць рызыку невыношвання цяжарнасці ці заўчасных родаў. Так што перад адказным крокам неабходна прайсці поўнае абследаванне.
– Вялікую папулярнасць на Лунінеччыне займела перасовачная ўстаноўка “Скрынэкспрэс”.
– З мамаграфіяй звязваем вялікія спадзяванні на ранняе выяўленне анкала-гічных захворванняў. У цэлым сітуацыя спрыяльная. Зарэгістраваны адзін выпадак запушчанага раку цела маткі і два – малочных залоз. Іх прычына – позні зварот да спецыялістаў. Не трэба баяцца падобных дыягназаў. Медыцына развіваецца даволі хутка, і візуальныя формы раку вылечваюцца! Яшчэ адзначу, што онкапаталогія рэпрадуктыўнай сістэмы памаладзела: калі раней захворванні выяўлялі ў 50-60-гадовых пацыентак, то зараз сустракаюцца і ў 20, і ў 30.
Растуць лічбы ў дзіцячай гінекалогіі, і ўсё з-за запаленчых працэсаў. У дзяўчынак парушаюцца цыклы, узнікаюць мастапатыі. Займацца прафілактыкай павінны не толькі ўрачы, але і сям’я, педагогі. Паколькі гэта дастаткова вузкая спецыяльнасць, медыцынская дапамога даступна на ўсіх узроўнях аб-следавання.
– Мы ўсё гаварылі пра жанчын, а мужчыны неяк засталіся ўбаку…
– Ведаеце, вучоныя па-дзяліліся вельмі цікавым фактам. Тое, што мама размаўляе з малышом, вядома даўно. А вось татам неабходна чытаць услых …казкі! З дзяцінства памятаем: такія гісторыі заўсёды заканчваюцца пазітыўна. Таму кожны раз татаў голас паабяцае, што ўсё будзе добра! Паверце, дзеткі будуць лепш расці і развівацца. Зусім нядаўна ў часопісе размясцілі павялічаны фотаздымак, на якім выразна бачна слязінка на тварыку яшчэ ненароджанага малыша. І ўсё таму, што плакала матуля. Гэта даказвае: аберагайце любімых, гаварыце кампліменты, ніколі не засмучайце па дробязях – увогуле, прыкладайце намаганні, каб менавіта ваша сям’я была самай шчаслівай!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть