Культура

“Да пабачэння!”

немцы шенефельдНовае слова паявілася ў лексіконе жыхароў Шэнефельда, якія развітваліся з сябрамі з горада-пабраціма па-беларуску.
Педагогі дзіцячай школы мастацтваў, якія пяць дзён прымалі ў сваіх дамах гасцей з Германіі – удзельнікаў групы “Музыкцуг”, жартавалі, што яшчэ з тыдзень будуць размаўляць выключна па-нямецку. І ўсе адзначалі, што лепшым падарункам да 20-годдзя сяброўства стала чарговая сустрэча аднадумцаў-музыкантаў. “Пакроўскія канікулы” атрымаліся на дзіва цёплымі не толькі таму, што прырода шчодра адарыла золатам “бабінага лета”. Немцы не хавалі свайго захаплення ад дабратворных змен у нашым горадзе і разам з лунінчанамі адкрывалі для сябе заказнік “Сярэдняя Прыпяць” і палацава-паркавы комплекс “Нясвіжскі замак”.
Аб станаўленні сяброўства нагадала выкладчык Людміла Арашкевіч, якая ў той час узначальвала ДШМ:
– Кожны візіт з Германіі стымуляваў нас да новых дасягненняў. Калі сябры з Шэнефельда ўручылі 4 новыя скрыпкі высокай якасці, быў створаны “Канцэрціна”. Калі падарылі віяланчэль, мы змаглі адкрыць адпаведны клас. Калі прывезлі мандаліны і мандолы, – арганізавалі “Менестрэль”.
Дарэчы, апошнія інструменты ад нямецкіх меламанаў сабраў Харальд Фішэр, які і сёлета быў у складзе дэлегацыі і якраз на тыдні адзначаў 83-ці дзень нара-джэння. Струнна-народнае аддзяленне падрыхтавала дабрачынцу музычны падарунак.
Вэрнер Дзітмэр стаяў ля вытокаў ўстанаўлення сяброўства… Яго паплечніку Арно Хольцхауэру цяпер хвароба перашкодзіла быць разам з сябрамі. Яго жонка Беатэ прывезла шчыры ліст, што публічна зачыталі з дапамогай перакладчыцы Марыі Грыневіч. У свой час саліст спяваў у дуэце з Наталляй Мурко, у тым ліку “Лунінецкі вальс”. Калі з экрана гучаў чароўны голас незабыўнай спявачкі, ёй падпявалі лунінчане і музыканты з Шэнефельда на чале з Томасам Штамэрам і Марцінам Шрайбэрам.
Сумесны канцэрт у ГДК стаў кульмінацыяй святкавання 20-годдзя сяброўства. Зала ледзь змясціла прыхільнікаў музычнага мастацтва. Папрасіла гледачоў падзяліцца ўражаннямі.
Галоўны спецыяліст райсавета Ірына Жук:
– Заўсёды захапляюся творчасцю дзяцей і дарослых з ДШМ. Тут выдатныя калектывы, у ліку якіх “Канцэрціна” і народны аркестр народных інструментаў. Прыемна, што разам з вядомымі музыкантамі выступалі юныя вучні: ансамблі “Кросны” (фальклорны) і сучаснай музыкі. Ім яшчэ трэба ўдасканальваць свае здольнасці, але, зразумела, гэта дасягаецца ў канцэртах на адной сцэне з майстрамі сваёй справы. З удзячнасцю трэба адзначыць, што сябры з Шэнефельда заўсёды прыязджаюць з вельмі неабходнымі ДШМ інструментамі. Вось і цяпер падарылі трубу, што ўзбагаціць духавое аддзяленне школы.
Дырэктар ПУВП “Вікторыя” Таццяна Удавенка:
– Кранула, што госці з Шэнефельда ўшанавалі памяць лунінецкай спявачкі Наталлі Мурко, узняўшы ўсю залу ў хвіліне маўчання… Парадавала, што цудоўны лунінецкі аркестр працуе з таленавітымі маладымі салістамі – Таццянай і Васілём Мартынавымі. Захапіла непасрэднасць нямецкіх музыкантаў, якія былі шчырымі і ў выказванні пачуццяў, і свабодна, у сваё задавальненне, гралі бравурныя маршы, перадаючы пазітыўны настрой гледачам. А гэта ж сама-дзейны калектыў! Музыка кожнаму зразумела без перакладу, і на гэтым вечары панавала дзіўная атмасфера сяброўства.
Урач Васіль Бойка:
– Мой любімы інструмент – скрыпка. Заўсёды захапляюся ўзорным ансамблем “Канцэрціна”. У чарговы раз атрымаў асалоду ад музыкі скрыпачоў, а таксама салістаў – Максіма Перапёлкіна, Віктара Кругліка, Святланы Чарнавокай. Прыемным адкрыццём стаў ансамбль “Арт-нуэва”…
Галоўны спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Мархотка:
– Стомленая, хацела адпачыць дома на канапе. Але перасіліла сябе і пайшла ў Дом культуры. Праграма дала такі зарад энергіі, што проста ляцела на крылах, марыла зрабіць яшчэ нешта добрае і карыснае для людзей. Вось бы такім канцэртам заканчваўся кожны рабочы тыдзень!
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.
Фота аўтара.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть