Дзве васьмёркі з бэзам у падарунак
Культура

Дзве васьмёркі з бэзам у падарунак

Такую дату дня нараджэння з дзвюх аднолькавых лічбаў адзначыла ў маі жыхарка Барсукова Марыя БОЎБЕЛЬ. Сярод шматлікіх пажаданняў здароўя і душэўнага спакою ад нашчадкаў і знаёмых часта гучала – “дажыць да дзвюх дзявятак, а яшчэ лепш, да трохзначнай лічбы”. Марыя Раманаўна на гэта сціпла ўсміхалася і спяшалася адказаць на чарговае тэлефанаванне – з розных мясцін, куды раз’ехаліся нашчадкі, даносіліся віншаванні маці, бабулі і прабабулі.

Міжволі на яе вочы накочвалася слязінка – ужо 4 гады не чуе яна галоўных цёплых слоў ад свайго спадарожніка жыцця, з якім ішлі адной сцежкай 65 зім і вёснаў. На жаль, Міхаіла Лявонцьевіча не стала, цяпер толькі цёплыя ўспаміны аб перажытым саграваюць жаночае сэрца. Яна расказвае:

– Мой муж – былы франтавік і партызан. Тройчы быў паранены. Першы раз гэта здарылася ў радах лясных мсціўцаў. Вылечыцца было няпроста, бо не хапала лякарстваў і перавязачнага матэрыялу. Пасля вызвалення прызвалі на фронт. І там куля спаткала гарачае цела змагара – зноў аказаўся на бальнічным ложку. Ды ён не здаўся, марыў стаць у строй. Магчыма, такая ўпэўненасць і дапамагла ўзняцца – дайшоў да Берліна. Але варожы метал нібыта прыцягвала да маладога байца – на подступах да фашысцкага логава зноў упаў пад градам выстралаў. Перамогу сустрэў у пакоях шпіталя…

Яе гісторыя сталення таксама няпростая. Бацькі Марыі пераехалі ў Барсукова на пастаяннае месца жыхарства з Кобрынскага раёна. Асушаныя землі давалі людзям перспектыву на годнае існаванне, смялейшыя рызыкавалі пасяліцца на чужыне. Дзяўчынка тут хадзіла ў польскую школу, пасля вайны сямігодку заканчвала ў савецкай. Калі б не беднасць, магчыма стала б адукаваным спецыялістам. Але ехаць вучыцца ў далёкі горад літаральна не было ў чым  – адыходзячы, немцы спалілі хату і маёмасць, забралі жывёлу.

Сям’я выжыла толькі дзякуючы добрым людзям, якія самі галадалі, але дзяліліся апошнім: нехта даў кусок палатна, другі – сноп жыта, трэці – кошык бульбы. А трэба было недзе жыць, нешта апранаць і нечым сеяць. Ходзячы ў лапцях ды саматканай спадніцы, дзяўчыне сорамна было паказвацца ў вялікі свет, таму і засталася жыць у вёсцы. Але на дрэнную вопратку не звярнуў увагі былы франтавік Міхаіл, разгледзеў у Марыі нешта большае. І яго шматлікія раненні не перашкодзілі ім будаваць мірнае шчасце. Загартаваныя на ваенных цяжкасцях, яны не шукалі лёгкіх шляхоў: браліся за любую цяжкую работу ў калгасе і дома, прачыналіся зацемна, спаць клаліся позна.

З кожным годам жылося лепш, народ узнімаў з руін скалечаную краіну. Адчулі мірныя перамены і ў сям’і Боўбель – дачакаліся ўдосталь хлеба, узняўся зруб новага дома. Хутка нарадзіліся дзеці. Усіх – шасцёра, адно за другое меншыя. Клопатаў хапала, але яны не стамлялі, прыносілі радасць бацькам. А як трошкі падраслі, малышы самі дапамагалі ў прасцейшых справах па гаспадарцы.

Непрыкметна праляцеў час. Не агледзеліся, як з крыклівых немаўлят, палахлівых першакласнікаў і худых падлеткаў сыны і дочкі ператварыліся ва ўзмужнелых юнакоў і прыгожых дзяўчат. Яны ладзілі сваё сямейнае шчасце, выбіралі жыццёвыя дарогі. Непаўторны і незабыўны момант для Марыі Раманаўны, калі паявіліся 9 унукаў, прамаўлялі ўпершыню слова “бабуля”. Потым зноў каляндар зашамацеў пранумараванымі лісточкамі з большай сілай, каб спыніцца на імгненне на даце, калі адзначыла дзве васьмёркі. Зноў у мінулым – школы, інстытуты, армія, і… нараджэнне 13 праўнукаў.

Старэйшая дачка Вольга жыве ў Брэсце, да выхаду на заслужаны адпачынак працавала на дывановым камбінаце. Аляксандр усё жыццё аддаў абавязкам вадзіцеля ў аўтабазе, цяпер таксама на пенсіі, жыве ў роднай вёсцы. І ў Ніны, якая асталявалася ў Рэдзігерава, з-за ўзросту закончыўся рабочы шлях, 38 год якога прысвяці-ла мясцоваму аддзяленню паштовай сувязі ў якасці начальніка. На такой жа пасадзе, толькі ў Краснай Волі, 37 год працавала Ганна.

Пра адпачынак пакуль не думае сын Мікалай, які жыве ў Лахве. Яго дасягненні на камбайне ў час жніва ў сельгаспрадпрыемстве “Гарадоцкі” немагчыма пераўзысці маладзейшым калегам. Часта ён выходзіў пераможцам у раённых спаборніцтвах. Удосталь рамантыкі ў сваім лёсе спазнала малодшая дачка Марыя. Будучы студэнткай, прыняла прапанову папрацаваць на Камчатцы. Там выйшла замуж за марака і пражыла 12 год. Хадзіла ў доўгія марскія падарожжы, пабывала ва многіх экзатычных краінах свету. Пазней сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Казань, на радзіму мужа.

– Усё, што мяне радуе і хвалюе, гэта дзеці і іх сем’і. Хоць самі яны – бабулі і дзядулі, некаторыя дасягнулі пенсійнага ўзросту, але для маці па-ранейшаму застаюцца маленькімі і здаюцца безабароннымі. Пастаянна хочацца нешта параіць, падтрымаць, калі ўзнікаюць праблемы. Яны не прызнаюцца, калі што не так, ды я гэта сэрцам адчуваю. Па вачах, па голасу здагадваюся…

Нягледзячы на раненні і перажытыя цяжкасці ўзнаўлення краіны пасля ваеннага ліхалецця, Міхаіл Лявонцьевіч усяго крышачку не дажыў да свайго 90-годдзя. У мірны час разнастайныя абавязкі выконваў у калгасе, на кожным участку спраўляўся з пастаўленымі задачамі. Нашчадкі памятаюць усе яго парады, дзякуючы якім кожны змог знайсці правільную дарогу, умее даражыць галоўнымі каштоўнасцямі. Таксама захоўваюць у сэрцах дочкі і сыны ўсю матуліну навуку, да якой прывучаліся з ранняга маленства – сялянскую, простую, але такую важную і патрэбную ў жыцці.

У Барсукова знайсці сядзібу Марыі Раманаўны не так проста. Яна схавалася ў засені густых бэзавых кустоў непадалёк ад цэнтральнай вуліцы. Не апісаць словамі прыгажосць гэтых мясцін. Асабліва вясной, калі цвіценне ператварае высокія насаджэнні ў вялізныя пышныя букеты з ап’яняючым пяшчотным пахам. Нібыта спецыяльна бэз расцвітае на дзень нараджэння гаспадыні, дасылаючы ёй дадатковыя падарункі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть