Малады юбілей хору ветэранаў
Культура

Малады юбілей хору ветэранаў

У чалавечым жыцці 30-годдзе – самы час росквіту, раскрыцця здольнасцей і магчымасцей, упэўнены позірк у заўтрашні дзень і падвядзенне першых вынікаў. Прыкладна так можна сказаць і пра адпаведны ўзрост Народнага хору ветэранаў вайны і працы Лунінецкага ГДК, які ўсе тры дзесяцігоддзі здзіўляў гледачоў цудоўным выкананнем прыгожых кампазіцый, запаў у сэрцы прыхільнікаў таленавітасцю, зладжанасцю і харызмай удзельнікаў.

Святочнае мерапрыемства з нагоды юбілейнай даты адбылося ў гарадскім Доме культуры. У выглядзе Ганаровых грамат, кветак і падарункаў калектыў прымаў віншаванні ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ветэранскай арганізацыі і таварыства інвалідаў па зроку. Выступаючыя дзякавалі самадзейным артыстам за іх нястомную энергію, бадзёрасць, пазітыўны настрой і аптымізм.

Спачатку ўдзельнікі хору ўсім саставам выйшлі на сцэну і выканалі некалькі вядомых песень. Затым спусціліся ў залу, каб наталіцца прыгожым – паглядзець канцэртную праграму, якую падрыхтавалі для іх музычныя і танцавальныя калектывы і сольныя выканаўцы раёна. Дзеці, моладзь і прадстаўнікі сярэдняга ўзросту праходзілі своеасаблівы экзамен перад людзьмі старэйшага пакалення, імкнучыся атрымаць іх удзячнасць у выглядзе гарачых апладысментаў.

Больш як палову шляху – 16 год – прайшла разам з удзельнікамі дырыжор і мастацкі кіраўнік Аксана Коўка. Да гэтага ёй пашанцавала быць музычным кіраўніком у дзіцячым садзе, затым – у політэхнічным каледжы. На пытанне, з якой катэгорыяй працаваць лягчэй, Аксана Валер’еўна адказвае:

– Дзеці, моладзь ці ветэраны адрозніваюцца толькі ўзростам, а жаданне тварыць і дасягаць лепшых вынікаў у іх аднолькавае. Да кожнага чалавека неабходна падбіраць свой ключык, каб раскрыць яго здольнасці ў поўнай меры. Прадстаўнікі старэйшага пакалення па-добраму здзіўляюць сваімі энергіяй і запалам, з якімі прыходзяць на рэпетыцыі, з вялікім хваляваннем чакаюць кожнае выступленне. Многія засталіся адзінокімі, таму хор – сапраўдная другая сям’я для іх. Тут сустракаюцца з аднадумцамі, разам радуюцца і сумуюць. Калі нехта адчувае сябе дрэнна, а ў такім узросце здараецца гэта даволі часта, хворага ніколі не пакінуць без увагі, наведаюць дома і ў бальніцы.

Пра свой калектыў хормайстар можа расказваць доўга і натхнёна:

– Ёсць у нас удзельнікі са “стажам” у 28 год, амаль са стварэння. На жаль, засталося толькі двое ветэранаў вайны. Трое артыстаў вызначыліся яшчэ ў адным – самастойна пішуць вершы, байкі і прыпеўкі і цудоўна іх выконваюць. Усе актыўна займаюцца пошукам новага, абдумваюць рэпертуар, прапануюць сваё. Некаторыя прыяз-джаюць з вёсак і не скардзяцца на адлегласць і нязручнасці. Вясной традыцыйна выступалі ў Брэсце на фестывалі харавога мастацтва “Неспакойныя сэрцы”, занялі там трэцяе месца. З натхненнем пачалі падрыхтоўку да наступнага конкурсу. У большасці састаў змяніўся, прыйшлі маладзейшыя. Праўда, гэта ў асноўным жанчыны. З 25 чалавек агульнай колькасці толькі чацвёра мужчын. Хачу скарыстацца нагодай і запрасіць у калектыў прадстаўнікоў моцнай паловы, якія любяць спяваць.

Аксана Валер’еўна выказала шчырую ўдзячнасць спонсарам за дапамогу ў падрыхтоўцы юбілейных мерапрыемстваў. Імі выступілі «Вікторыя», «Еўрарэйс», райспажыўтаварыства, хлебазавод і «Лунінецкі малочны завод».

Размову перарвалі гукі знаёмай мелодыі, і ўсе позіркі дружна скіраваліся на сцэну. Роўным строем удзельнікі хору занялі свае месцы і застылі ў чаканні адпаведнага знаку дырыжора. Выглядалі ўсе маладымі і вельмі прыгожымі, таму не верылася, што перад намі людзі з багатым жыццёвым вопытам. Здавалася, толькі 30 год споўнілася не калектыву, а кожнаму з іх. У нейкі момант галасы зліліся ва ўнісон, а гледачы сталі дружна падпяваць за імі радкі вядомай франтавой песні:

“Ах, Татьяна Федоровна, Таня, моя Таня,

Помним наше мы с тобой первое свидание,

Шел тогда жестокий бой, а вокруг весна,

И казались мне судьбой синие глаза…”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть