Настрой і эйфарыю стварае «Алеся»
Культура

Настрой і эйфарыю стварае «Алеся»

алесяУпершыню з Алесяй ПРАКАПОВІЧ пазнаёмілася некалькі год тому, калі рыхтавала матэрыял пра яе— пераможцу абласнога конкурсу прадаўцоў. У той час яна працавала ў філіяле “Мікашэвіцкае РГП” райспажыўтаварыства. Але жыццёвыя абставіны склаліся так, што Алеся вырашыла змяніць прафесію: спалучыць хобі з уласнай справай і заняцца рамеснай дзейнасцю.

Так перад маладой і ініцыятыўнай жанчынай адкрыліся новыя магчымасці і перспектывы. Сённяшняя сустрэча адбылася ўжо з сапраўдным спецыялістам у пытаннях выбару вясельных убранняў, а значыць — прафесіяналам у тым, як зрабіць нявесту шчаслівай і запаліць агеньчык у яе вачах.

Алеся, ты зараз , з’яўляешся гаспадыняй вясельнага салона, які назвала сваім імем. З чаго ўсё пачыналася?

— Калі мае дзве дачушкі былі маленькімі, хадзілі ў дзіцячы садок, а потым у пачатковую школу, да кожнага свята майстравала ім касцюмы сваімі рукамі. Атрымлівалася арыгінальна і непаўторна. Калі знаёмыя і сябры даведаліся, што ўбранне і аксесуары раблю самастойна, пачалі звяртацца з просьбай і для іх дзетак стварыць нешта асаблівае. Пазней папрасілі зрабіць вясельны вянок, а яшчэ аформіць фужэры і свечкі для шлюбнага стала… Тады зразумела, што ў гэтым ёсць запатрабаванасць і вырашыла заняцца рамеснай дзейнасцю па вырабу вясельных аксесуараў.

 З таго часу, як разумею, прайшло два гады. I абмяжоўвацца толькі гэтым ты не стала…

— Так. У гутарках з заказчыкамі даведалася, не так проста дзяўчатам, якія рыхтуюцца стаць на шлюбны рушнік, падабраць убранне. Не заўсёды яны могуць знайсці такое, аб якім марылі з дзяцінства, ды і з патрэбным памерам іншы раз узнікаюць складанасці. Так паявілася ідэя адкрыць пракат вясельных сукенак. Тым больш, што шыць я таксама люблю, а таму праблем з “падгонкай” убрання пад параметры нявесты асаблівых складанасцей не бачыла. Сёння салон прадастаўляе кліентам дастаткова шырокі выбар адзення, прычым, разлічанага як на цёплае, так і халоднае надвор’е.

А з чаго трэба пачынаць пошук “сваей” сукенкі?

— Заўсёды кажу дзяўчатам, што выбар варта пачынаць яшчэ да прыходу ў салон. I справа не толькі ў задумцы ці ідэі. Галоўнае — настрой! Калі вы хочаце купіць сукенку — вы яе купіце. Новае шчаслівае жыццё пачынаецца з куплі вясельнай сукенкі, таму не трэба ператвараць пошукі ў звычайны выхад “за хлебам”. Нельга забягаць у салон між іншым — па дарозе з работы, у госці і г.д.

А ці здараецца так, што дзяўчына прыйшла з нейкай ідэяй, прымярае сукенку, якая адпавядае прыдуманаму ей вобразу, а ты бачыш, што яна ей не падыходзіць. Як паступаеш у такім выпадку?

— Зразумела, імкнуся пераканаць кліентку. Прапаную мадэлі, зыходзячы з яе фізічных дадзеных. Часцей атрымліваецца, але, зразумела, выбар застаецца за нявестай. З другога боку ў кожнага свой погляд на прыгажосць. Заўсёды кажу: “Я магу толькі параіць, а прымаць рашэнне давядзецца вам”. Хаця іншы раз крыўдна, калі бачу, што вынік мог бы быць лепшы.

Ці прыносіць работа задавальненне?

— Безумоўна. I нават нягледзячы на тое, што іншы раз працоўны дзень заканчваецца, калі стрэлкі на гадзінніку адмерваюць поўнач. Але як прыемна назіраць за дзяўчатамі, якія прымяраюць вясельныя ўбранні! Якімі прамянёвымі становяцца іх твары, калі яны бачаць у люстэрку не проста сваё адлюстраванне, а казачную прынцэсу! Дзеля такіх момантаў проста хочацца жыць.

У салоне акрамя вясельных ёсць сукенкі і для маленькіх прыгажунь. Гэта першапачаткова так задумвалася?

— Іншы раз у салон завітваюць з дзецьмі. I дзяўчынкі таксама мараць аб тым, каб на вяселлі быць падобнымі на нявесту. Але купіць сукенку для дзіцяці на адзін дзень не заўсёды па кішэні бацькам. Вось і пашырыла пракатны асартымент святочным адзеннем для маленькіх прынцэс.

Апошнім часам у моладзі стала папулярнай выязная рэгістрацыя. Вы таксама маеце да гэтага дачыненне?

— 25 кастрычніка адбылася такая рэгістрацыя ў аграсядзібе ў Мікашэвічах. Працуем у цесным кантакце з органамі ЗАГС. Мая місія заключаецца ў дэкаратыўным афармленні. Трэба сказаць, што і залы, дзе праходзіць гулянне, таксама афармляю. Гэта займае шмат часу — ад прадумвання кожнага элемента. Але вельмі прыемна, што кліенты ацэньваюць мае старанні і заўсёды выказваюць цёплыя словы ўдзячнасці. Такія адносіны натхняюць на новыя ідэі. Так, у перспектыве планую пры салоне адкрыць кабінет прыгажосці, дзе можна будзе зрабіць святочную прычоску, візаж і манікюр.

Няўжо ўсё гэта можна ажыццявіць самастойна?

— Чаму ж не! Але, калі быць шчырай, то, зразумела, побач знаходзяцца людзі, якія дапамагаюць. Перш-наперш, адчуваю бацькоўскую падтрымку. У мяне ёсць дзве дачушкі. Старэйшая Аляксандра зараз студентка БГТУ, па заканчэнні атрымае дыплом інжынера па сертыфікацыі. А вось малодшая Анастасія, вучаніца 7 класа СШ №4, — мая першая памочніца. У яе такая фантазія! Ды і з эстэтычным густам — поўны парадак, а рукі — проста залатыя. А яшчэ ў мяне цудоўныя сябры. З іх дапамогай адрамантавала і абсталявала тры памяшканні ў будынку ПМК-59 па вуліцы Меліярацыйная, дзе і размяшчаецца зараз салон “Алеся”.

Удачы табе, Алеся, і ажыццяўлення ўсіх задумак. Спадзяюся, што ўсе нявесты Лунінеччыны абавязкова зазірнуць у твой салон.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ

алеся 2алеся 5 алеся 3алеся 4



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть