Няхай спакой сагрэе адзіноту
Культура

Няхай спакой сагрэе адзіноту

яроцСітніцкі Двор, схаваўшыся ў зарасніках алешніку і крушыны, нагадвае прыемны куточак цішыні і спакою. Большасць насельніцтва тут старэйшага пакалення і ўсяго некалькі школьнікаў абуджаюць вясковую вуліцу звонкім смехам. Магазін з’яўляецца цэнтрам мясцовага жыцця. Сюды пакупнікі сыходзяцца кожную раніцу не толькі за хлебам і малаком. Тут можна даведацца пра апошнія навіны і проста паразмаўляць са знаёмымі, бо ўжо адзінота часам палохае сваёй бясконцасцю.
На некаторых падворках высока ўзнімаюцца кусты вяргіняў, упрыгожваючы агульную шэрасць маленькага паселішча. Але найбольш трывожаць пакінутыя сядзібы. І хаця парадак каля іх наведзены нашчадкамі ці клопатам мясцовай улады, нежылое чалавечае жыллё выклікае сум ад страчанага. Некалі тут звінелі пілы, гаспадары садзілі грушы і яблыні, гадавалі дзетак, сустракалі звычайныя жыццёвыя ранкі. А зараз у кожнага з іх свой лёс – адны з’ехалі ў большую цывілізацыю, іншыя навечна знайшлі прытулак на мясцовых могілках. А хаты сіратліва глядзяць на дарогу пустымі шыбамі і халоднымі комінамі…
Як ніхто, ведае горыч ад страт мясцовая доўгажыхарка Ганна ЯРАЦ, жыццёвы адрэзак якой наблізіўся да 90-гадовай адзнакі. Многае было ў ім, але найчасцей цёмнымі колерамі асвятлялася яе дарога…
Да вайны жылі на хутары каля Манасеева. У бацькоў іх гадавалася дзевяць. Звычайныя вясковыя клопаты пра хлеб надзённы не здаваліся цяжкімі. Падрасталі, вучыліся хітрасцям работы на зямлі, умелі ўпраўляцца з жывёлай. Але ўсё лепшае зруйнавала вайна. Яна забрала жыцці дваіх братоў, назаўсёды пакінуўшы горкі асадак на сэрцы за страчаных блізкіх. Страшнае відовішча адкрылася ім, калі ворагі спалілі родную хату. Уся сям’я паспела схавацца ў зарасніках і глядзела на полымя, якое паглынала іх дабрабыт, дзіцячыя мары і старанні дарослых. З сабой паспелі забраць толькі карову, астатняе ўсё згарэла. Доўга потым тулі-ліся па чужых хатах.
Сваё шчасце Ганна знайшла з мясцовым юнаком з Манасеева. Пасля вайны адбудаваліся, нарадзіліся два хлапчукі. Пакуль дзеці былі маленькія, верылася ў доўгае спакойнае жыццё. Але далей усё пайшло па няправільным раскладзе.
Першым памёр муж. Клопаты пра малых ляглі на плечы жанчыны. Працавала даяркай, сама дбала пра сена і дровы. А колькі яшчэ нябачных абавязкаў звалілася на яе ў вясковым жыцці без гаспадара. Калі малыя падраслі, стала лягчэй. Думалася, усе беды скончыліся, але наперадзе чакалі яшчэ страшнейшыя…
Адзін сын асталяваўся ў Жыткавічах, стварыў сям’ю. Другі апынуўся на Кобрыншчыне, таксама гадаваў дзяцей. Застаўшыся адна, Ганна Антонаўна некалькі год правяла ў самоце, потым дзеці паклікалі да сябе. Пераехала да аднаго, ды разам давялося пажыць нядоўга. Ад хваробы сэрца сын памёр амаль імгненна, не пакінуўшы ніякай надзеі. Выратавання ад адчаю не было, матулю скавала горыч. Бачачы, як жанчыне цяжка перажыць страту, другі сын паклікаў да сябе. Маўляў, у новых абставінах не так будзе балюча. Зга-дзілася. Пераехала. Тут пражыла некалькі год. І страшная трагедыя паўтарылася – ад сардэчнага прыступу пахавала і яго…
Страціўшы сыноў, жанчына ад-
чула сябе адзінокай. Унукі і
нявестка клапаціліся пра старую, але ніхто не мог вярнуць ёй радасць жыцця. Неўзабаве моцна захварэлі сват і свацця, і нявестцы давялося забраць іх да сябе.
Трое нямоглых на адну сядзелку – занадта, цяпер Ганна Антонаўна адчула, што яна тут лішняя. Да сябе паклікала сястра Кацярына з Сітніцкага Двара. Яны з мужам засталіся толькі ўдваіх, выгадавалі і аддалі замуж пяцярых дачок. Непрыемна было навязвацца да сястры, але і адной жыць не выпадала, таму жанчына прыняла прапанову. Забрала рэчы, пенсію перавяла на мясцовае аддзяленне сувязі.
З Кацярынай Антонаўнай і Аляксеем Фёдаравічам сем год пражылі пад адным дахам. Іх адладжаны быт парушыўся нечакана, калі аслабела гаспадыня. А пасля смерці сястры заставацца ў адным доме з яе мужам было ніякавата, і Ганна Антонаўна зноў паехала да нявесткі.
Але ўжо адзіноту цяжка было перажыць Аляксею Фёдаравічу. Дзеці далекавата, здароўе слабое. І да дачок ісці не хацелася, і самому жыць не атрымлівалася. Тады Ганну Антонаўну ўсе папрасілі вярнуцца. Жанчына зга-дзілася. І вось апошнія тры гады і пляменніцы спакойныя за бацьку, і ёй тут ужо больш звычна. Напэўна ім лёсам наканавана дажываць сваю старасць разам.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, жанчына старанна ўпраўляецца з хатнімі абавязкамі. Невысокая, хударлявая, яна сходзіць у магазін, своечасова прыгатуе сняданак. Нарадзілася доўгажыхарка 8 сакавіка. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што некалі гэта будзе Міжнародны жаночы дзень.
Калі вёску наведалі раённыя артысты і загучалі народныя кампазіцыі, на Ганну Антонаўну нахлынулі ўспаміны юнацтва, бо ўсе песні да болю знаёмыя, якія яна спявала некалі разам з равеснікамі. А жыццё было цяжкім, не да песень. Здаецца, і век Богам адмераны са шчодрасцю, толькі гэта не радуе жанчыну. Не так усё склалася – яе павінны былі пахаваць дзеці, а не яна іх. І зноў ажывае горыч ад страты мужа і сыноў, якія пакінулі гэты свет маладымі.
Адзіную радасць дораць унукі. Але яны рэдка бываюць у аддаленай вёсачцы. Аднойчы нават не адразу пазнала пасталеўшую дзяўчынку. Але бабуля не крыўдзіцца за іх рэдкі прыезд – у новых пакаленняў свае клопаты, галоўнае, каб усё ў іх складвалася добра.
Зрэдку зазірне паштальён з чарговай пенсіяй, тэлевізар раскажа пра самыя значныя падзеі ў свеце. І зноў – цішыня, размеранасць, яднанне з прыродай. Утульней за ўсё тут летам, а студзень палохае холадам і снежнымі сумётамі. Але адолеўшы 90 зім, ужо не так непрыемна сустракаць наступную. Страшней холад у сэрцы – ад страт, перажыванняў, жыццёвых нягод.
Хочацца пажадаць жанчыне мужнасці, каб новыя зімы яна пражыла спакойна – у малітвах за страчаных, і ў зычанні шчасця маладым.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть