Шчаслівая сённяшнім днём
Культура

Шчаслівая сённяшнім днём

ЯрмоличГэтую мілавідную жанчыну калегі ў СВК “Чучавічы” называюць чалавекам з адкрытай душой. Ды і хіба можа быць інакш, калі вынік работы – вось ён: бездапаможныя і даверлівыя істоты, якія цалкам залежаць ад тых, хто пра іх клапоціцца. Разумеючы гэта, місію сваю Ірына ЯРМОЛІЧ стараецца выконваць не проста адказна, а з поўнай самааддачай.

Прафесію аператара па штучнаму асемяненню жывёлы Ірына, ураджэнка Малых Чучавіч, набыла ў Гродзенскай вобласці, куды ў юнацтве закінуў лёс. Пяць год у саўгасе “Велькасельскі” Свіслацкага раёна не прайшлі дарэмна. Менавіта там заўважылі ў дзяўчыне цярплівасць і спрыт, адказнасць і імкненне выконваць даручаную работу на выдатна. Курсы ў Гродзенскім аграрным універсітэце дазволілі паверыць у сябе, а першыя гады работы замацавалі ўпэўненасць у тым, што прафесія выбрана правільна.

Але, як часта бывае, жыццё зрабіла круты віраж, і Ірына, цяпер ужо з сям’ёй, апынулася на малой радзіме. Асталяваліся ў бацькоўскай хаце. А вось з работай не пашанцавала. Выбар вакансій аказаўся небагатым, таму неўзабаве ўладкавалася прыбіральшчыцай у мясцовым кафэ. Была радая і гэтаму: у сям’і падрасталі двое дзетак.

І ўсё ж душа цягнулася да іншага. Таму калі загадчыца фермы Вольга Шчатко прапанавала работу па спецыяльнасці, згадзілася. І хутка даказала, што справа ладзіцца тады, калі чалавек – на сваім месцы.

У Ірыны Анатольеўны і насамрэч усё атрымліваецца. Мабыць, таму, што вельмі падабаецца работа. Утульны кабінет, уважлівыя і чулыя калегі, падтрымка кіраўніцтва СВК “Чучавіцкі”… Без гэтага хіба можна было дасягнуць такіх выдатных вынікаў? Атрымаць летась 100 цялятак на 100 кароў – паказчык, якім у раёне могуць пахваліцца вельмі нямногія. Менавіта таму калегі вылучылі Ірыну Ярмоліч на атрыманне звання “Чалавек года-2012”, і сёння на самым пачэсным месцы – Дыплом аб прысваенні гэтага ганаровага звання.

А яшчэ, як сапраўдная жанчына, яна вельмі любіць кветкі, смачна гатуе, з задавальненнем бавіць час з мужам і дзецьмі і з любоўю ўладкоўвае іх сённяшні дом, шчыра марачы, што шчасце ў ім паселіцца назаўсёды.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть