Вечнае жыццё з дня вызвалення
Культура

Вечнае жыццё з дня вызвалення

костюченкоГеоргій Антонавіч Касцючэнка (на здымку другі справа) завяршыў зямны шлях 10 ліпеня 1988-га. Сёлета яму споўнілася б 100 год. Ён быў любімым настаўнікам многіх лунінчан, у памяці якіх жыве дагэтуль…
У Лунінцы род Касцючэнкаў паявіўся ў другой палове ХІХ стагоддзя. За верную службу атрымаў ад цара вялікі зямельны на-дзел Іван Міхайлавіч – “кандыдат-афіцэр, кавалер ордэнаў, адстаўны гусар” (як напісана на помніку на магі-ле на царкоўным пагосце). Ажаніўшыся, пусціў карані на новым месцы. Тут паявіліся на свет дзевяць дзяцей.
Адзін з сыноў паважанага землеўладальніка Антон стаў машыністам паравознага дэпо. У 1914-ым у яго нарадзіўся Георгій. Ішла Першая сусветная вайна – і хутка сям’я эвакуіравалася ў Волагду. Праз тры гады маці з дзецьмі ўдалося вярнуцца ў родны горад, а муж і бацька быў вымушаны застацца ў Савецкай Расіі.
Падрастаючы Георгій радаваў поспехамі ў вучобе. Пачынаў у рускай рэальнай гімназіі – заканчваў польскую дзяржаўную. У 1934-ым стаў студэнтам хімфака Варшаўскага ўніверсітэта. Праз 5 год атрымаў дыплом і накіраванне на завод Крупа ў Германію. Перад выездам на работу адпачываў дома. Тут і напаткала вестка аб польска-нямецкай вайне, што стала пачаткам Другой сусветнай…
У Варшаве заставалася нявеста лунінчаніна. 25-гадовы Георгій пешшу (чыгунка не дзейнічала) пайшоў за каханай. У сталіцы Польшы абвянчаліся з Генрыкай Казарскай і тым жа чынам, але ўжо разам, дабраліся да Лунінца.
Адукаванага спецыяліста запрасілі на работу ў банк. Але мірнае жыццё хутка было спынена нямецка-фашысцкай акупацыяй. Аптэка была неабходна жыхарам, таму “новыя ўлады” прапанавалі знаўцу хіміі загадваць установай. Сюды пратапталі сцяжынку і “лясныя мсціўцы”, якім гаспадар дапамагаў медыцынскімі сродкамі. За імі прыходзіла сувязная – у дзяўчыны былі густыя прыгожыя валасы, дзе і хаваліся лекі, якія яна дастаўляла ў лес.
Тыя, хто помніць страшэнны ваенны час, усведамляюць рызыкоўнасць падпольнай дзейнасці для самога чалавека і яго сям’і. Але сапраўдныя патрыёты Айчыны не маглі паступаць па-іншаму, хаця іх пастаянна падсцерагала небяспека. Відавочна, немцы западозрылі Георгія Антонавіча ў сувязях з партызанамі. Сям’ю Касцючэнкі з маленькай дачкой заключылі ў мясцовую турму. Гэта было перад адступленнем ворагаў, калі яны асабліва лютавалі. Тыя ж, хто вымушана служыў акупацыйным уладам, імкнуліся рэабілітавацца на літасць вызваліцеляў. Перакладчык адкрыў дзверы зняволеным, і яны разбегліся, хто куды.
Але ў камеры Георгій Антонавіч падхапіў сыпны тыф. Разумеючы, што нельга заставацца ў сваім доме, размясціліся ў хатцы на ўскрайку Лунінца. Партызаны з засады назіралі за дваром, каб у выпадку паяўлення немцаў абараніць таварыша, якога аддана лячыла жонка. Хвалюючыся за здароўе падпольшчыка, камандзір атрада “За Радзіму” Георгій Канстанцінавіч Каштанаў накіраваў да хворага медсястру, якая аказвала кваліфікаваную дапамогу.
10 ліпеня 1944 года Лунінец быў вызвалены. Былыя партызаны, стаўшыя кіраўнікамі органаў мясцовай улады, папрасілі Георгія Антонавіча арганізаваць аптэку. Медустанова была адкрыта прама ў яго доме на завулку Вузкі. Хутка прывезлі лекі, прыслалі асістэнта. Паступова гаспадар папраўляўся і загадваў справамі да таго часу, калі ў Лунінцы паявілася чыгуначная аптэка.
З 1948-га Георгій Антонавіч звязаў жыццё са школай. Спачатку гэта была СШ №2, з 1966-га і яшчэ 5 пенсійных год – СШ №3, чарговыя 5 год – у Лахвенскай СШ. Выкладчык хіміі (а ў выпадку неабходнасці – і фізікі) быў сапраўдным прафесіяналам. Не менш захапляў яго стыль паводзін на ўроках і перапынках. Ветлівы, уважлівы да дзяцей і дарослых, ён паказваў прыклад інтэлігентнай вытрыманасці, ніколі не павышаючы голас і не змяняючы інтанацыю. Класы тады былі вялікія – больш за 40 вучняў. Калі ж настаўнік уваходзіў, імгненна наступала цішыня. Усе ведалі, што цяпер пачнецца магія ўрока, на якім звычайныя рэчы могуць ператварацца ў таямнічыя. І нават тыя, хто быў абыякавы да хіміі, траплялі пад уладу ціхага голасу выкладчыка, які пры выканані пэўных доследаў іншы раз здаваўся ўсёмагутным чараўніком.
Урокі Г.А. Касцючэнкі назаўсёды запомнілі не толькі вучні. З 1957-га яго суседкай была Алена Міхайлаўна Бройда, накіраваная ў Лунінец па размеркаванню. Яна заўсёды адзначала глыбокую эрудыцыю, культуру, сапраўды еўрапейскую адукаванасць старэйшага калегі, а таксама яго вялікую працавітасць на ўласнай прыся-дзібнай гаспадарцы. Па меркаванню ветэрана педагагічнай працы, настаўніцкія парады Георгія Антонавіча, што яна ў свой час атрымала, можна назваць універсальнымі:
– Ён раіў ніколі не павышаць голас на вучняў. На ўсё жыццё запомніла: “Хто гаворыць спакойна, таго ўважлівей слухаюць”, “Старайся перадаць сваю любоў да прадмета, і тады заўважыш цікавасць да ўрока”.
Георгій Антонавіч пайшоў з жыцця вельмі хутка, пасля інсульту. Дагэтуль не можа стрымаць слёзы яго дачка, калі расказвае аб апошніх днях:
– 10 ліпеня, якое заўсёды святкавалася ў нашым доме, сядзела каля таты. Ён трымаў мяне за руку, імкнуўся нешта сказаць. Быццам вітаў з днём вызвалення…
Ірына Георгіеўна паспела парадаваць бацькоў дыпломам Маскоўскага санітарна-гігіенічнага медыцынскага інстытута, які закончыла ў 1964-ым, добрасумленнай працай у першапрастольнай. Там жыве і цяпер, час ад часу (пахавала ўжо і маму) наведваючы малую радзіму і дарагія сэрцу магілы.
Г.А. Касцючэнка выхаваў цэлую пляяду таленавітых выкладчыкаў хіміі, вучні якіх цяпер дасягаюць вышынь на міжнародных алімпіядах. Калі гавораць, што настаўнік – гэта не столькі прафесія, колькі прызванне, творчасць, сэнс жыцця, заўсёды ўяўляем любімага педагога, які застаўся для гараджан узорам прафесіянала і грамадзяніна. І мы можам сказаць, што для нас, вучняў Георгія Антонавіча, ён такі ж неўміручы, як і для сям’і.
Выпускнікі: СШ №2 – Наталля Казанкова (1958), СШ №3 – Таццяна Богдан, Тамара Паўлюкавец, Валянціна Семянюк, Галіна Старская (1971) і Таццяна Канапацкая (1975), а таксама Ларыса Ціханчук (выпускніца-1966 СШ №1, якой пашчасціла на хатнія ўрокі “эталона настаўніка”).



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть