Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online

Як падлеткі са звычайнай вясковай школы прадэманстравалі выдатныя веды (Лунінецкі раён)

Як падлеткі са звычайнай вясковай школы прадэманстравалі выдатныя веды (Лунінецкі раён)

Па выніках цэнтралізаванага экзамену па беларускай мове трое з 18-ці выпускнікоў Вялікачучавіцкай СШ – Мікіта Малыш, Кірыл Гаргун і Ангеліна Шчатко – атрымалі максімальныя 100 балаў. На 98 балаў прайшла такое выпрабаванне іх аднакласніца Ганна Макаед. Варта дадаць, што Мікіта Малыш мае яшчэ адзін вельмі важкі поспех – стаў уладальнікам залатога медаля.

Дасканалыя веды юнакам і дзяўчатам дала іх класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Гаргун. Цікавы стыль выкладання, асабістая ўлюбёнасць у прафесію і багаты вопыт дапамаглі таленавітаму педагогу падабраць ключык да юных сэрцаў, раскрыць перад вучнямі шматграннасць і непаўторнасць школьнага прадмета, каб усебакова захапіць ім.

Валянціна Валер’еўна вырасла ў Баравіках, у школе вучылася добра. Асабліва лёгка даваліся гуманітарныя навукі. На гэта натхнялі кранаючая прыгажосць навакольнай прыроды, мноства прачытаных кніг і непаўторныя ўрокі таленавітай настаўніцы Ніны Андрэеўны Насеня. Але вясковая дзяўчына адразу не рызыкнула паступаць у ВНУ, хоць і марыла стаць паслядоўніцай вопытнага спецыяліста. Яна адвезла дакументы ў педагагічнае вучылішча. Потым амаль 20 год давала веды пачаткоўцам. І ніколькі не шкадуе аб тым перыядзе. На яе вачах дзеткі вучыліся не толькі чытаць і пісаць, яны спасцігалі ад любімай настаўніцы асновы выхавання і атрымлівалі першую ўпэўненасць у сваіх сілах.

Самаўдасканаленне В.В. Гаргун прыйшло разам з дыпломам мовазнаўца 7 год таму. І годны вынік не прымусіў сябе чакаць – дасягненням выпускнікоў з самага аддаленага аграгарадка раёна, дзе няма рэпетытараў, можна па-добраму пазайздросціць.

– Выхоўваць і навучаць трэба з любоўю, важна на ўроках заўсёды быць сумленнай і справядлівай, – упэўнена Валянціна Валер’еўна. – Нашы выпускнікі – усе малайцы. Веды па роднай мове атрымлівалі на ўроках і факультатывах у профільнай групе. Самі прапаноўвалі цікавыя заданні для трэніровак. Калі адчувалася такая захопленасць, душэўны парыў, то не заставалася сумненняў у добрым выніку. На рэпетыцыйным экзамене ў нас таксама быў 100-бальнік, але вырашылі гэты факт не афішыраваць, каб не спалохаць удачу.

– Мы шчыра ганарымся сваімі вучнямі, – задаволена дырэктар Вялікачучавіцкай СШ Ірына Грыцкевіч. – Дзякуй педагогам за стараннасць і самааддачу, бацькам – за разуменне і падтрымку! І нашай адукаванай моладзі дасылаю самыя цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў. Вашы веды – асноўны паказчык работы педкалектыву. Мінулагоднія выпускнікі парадавалі паступленнем у ВНУ – 75 працэнтаў ад агульнай колькасці. Цяперашнія замацавалі дасягненні выдатнай здачай экзаменаў і залатым медалём. Няхай жа ўсім пашчасціць якасна прымяніць добрыя веды ў будучыні!

Мікіта Малыш часта выходзіў пераможцам вучэбных алімпіяд, мае шмат дыпломаў за асабістую стараннасць у асваенні розных прадметаў. Акрамя вышэйшай ацэнкі па беларускай мове, у яго заслужаныя 95 балаў на цэнтралізаваным экзамене па матэматыцы.

Кірыл Гаргун заўсёды з’яўляўся ўдзельнікам розных мерапрыемстваў, наведваў секцыі. Аднакласнікі лічаць яго адказным і надзейным таварышам. Ангеліна Шчатко і Ганна Макаед закончылі школу з аднолькавым балам у атэстатах, у асваенні праграмы ішлі на высокім узроўні. Дзяўчаты актыўныя і адказныя. Увогуле, у класе заўсёды існавала атмасфера прыязнасці і добразычлівасці, што і дапамагала ў атрыманні добрых ведаў. 

Часта даводзіцца чуць, што сучасная моладзь мала чым цікавіцца, без меры захоплена інтэрнэтам. Прыклады сёлетніх выпускнікоў пераконваюць у адваротным. Падлеткі са звычайнай вясковай школы прадэманстравалі выдатныя веды. І не толькі ў Чучавічах.

Тры залатыя медалісты і адзін 100-бальны вынік па беларускай мове ёсць у прадстаўнікоў Багданаўскай СШ. Дасягнулі “золата” і максімуму на цэнтралізаваных экзаменах вучні з СШ аг. Вулька 2, Вялуцкай СШ, Дварэцкай СШ і Кажан-Гарадоцкай СШ. А Дар’я Леўшыц з Дзятлавіцкай СШ мае ў суме 200 балаў у сертыфікатах па роднай мове і хіміі.

Гэта сведчыць аб тым, што вынік у першую чаргу залежыць ад стараннасці здольных вучняў, якія з дапамогай мэтанакіраваных настаўнікаў упэўнена пракладваюць свае дарогі ў дарослае самастойнае жыццё.

Марыя ЯРАХОВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

← Предыдущая новость Следующая новость →