Новы офіс леснікоў
– Вось дык прыгажосць! – першае, што сарвалася з вуснаў пры выглядзе новай канторы Борскага лясніцтва, якая знаходзіцца на самым ускрайку вёскі Малыя Чучавічы.
Сапраўдны казачны церам! Унутранае аздабленне таксама ўражвае сваім дызайнам, бо ўсё выканана па еўраўзору. Побач – альтанка. А яшчэ ўсіх на ўваходзе сустракае мядзведзь. Не жывы, зразумела, а з дрэва, але ж вельмі ўдала дапаўняе агульную кампазіцыю з клумбамі і міні-дэндрарыем. Гледзячы на ўсё гэта, падумала: сапраўды, пры такіх умовах, на працу, як на свята, будзеш хадзіць…
На ганку ветліва сустрэў памочнік ляснічага Мікалай ТУПЕКА, які працуе тут больш як чвэрць стагоддзя:
– Рэканструкцыю пачалі ў маі 2015-га. Асноўныя работы завяршылі сёлета, але добраўпарадкоўваць тэрыторыю працягваем і зараз. Робім усё ўласнымі сіламі. Але не забываем і пра асноўныя задачы, якія заключаюцца ў ахове лесу, абароне яго ад хвароб. Таксама праводзім высечкі догляду, нарыхтоўку лесаматэрыялаў для прамысловага карыстання. У нас зладжаны калектыў, у якім працуе 28 чалавек. Пад кіраўніцтвам ляснічага Анатоля Муравейкі штомесяц выконваем даведзеныя планы. Зараз шмат увагі надаем уборцы сухастою, непажаданай расліннасці, хмызняку і праводзім мерапрыемствы ў Баравіках пасля ветравалу. Па дагаворах падраду ў нас працуюць мясцовыя жыхары, якія маюць пасведчанні вальшчыка, уласныя бензапілы і спецыяльнае абмундзіраванне. Дапамагаем Чучавіцкаму лясніцтву ў аднаўленні лесу на плошчы 6,6 гектараў. У нас на гэты год такія работы не запланаваны. Для жыхароў навакольных вёсак выдзяляем дзялянкі, дзе яны могуць самастойна нарыхтоўваць дровы.
Майстар лесу Раман ТУПЕКА (на правым здымку) прыйшоў у лясніцтва ў 2013 годзе, набыўшы прафесію ў Полацкім лясным тэхнікуме. Яго участак складаецца з 5 абходаў, што ахопліваюць 33 кварталы агульнай плошчай 3715 гектары. Ён вельмі адказна ставіцца да сваіх працоўных абавязкаў, актыўна ўдзельнічае ў вытворчым працэсе. Раман Іванавіч патрабавальны да сябе і падначаленых, добры, працавіты і спагадлівы, і гэтыя ж якасці больш за ўсё цэніць ў людзях.