Завочны клуб спажыўцоў

Час засекі запаўняць

img_0291

Першы вялікі восеньскі кірмаш у Лунінцы адбыўся ў мінулую нядзелю. З самага ранку гандляры, у ліку якіх – сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі і жыхары горада і раёна, дружна размясціліся на вуліцы Савецкая.

Дажджлівае надвор’е не вельмі добра паўплывала на масавасць пакупнікоў. Аднак тыя, хто меў намер набыць прадукцыю новага ўраджаю, усё ж завіталі на кірмаш. Прадаўцы філіяла “Харчтавары” райспажыўтаварыства расказалі, што найбольшым попытам карысталіся цыбуля і журавіны.

– Сумна, што сёння не суботняе надвор’е, святочны настрой не адчуваецца, аднак спадзяемся на паспяховы гандаль, – дзеліцца дырэктар НВК “Палессе” Іван Соц. – Знізілі гандлёвую надбаўку на збожжавыя. Пшаніца па 26 капеек за кілаграм і ячмень па 24 капейкі найбольш папулярны сёння. Вось ужо трэцюю машыну накіравалі загружацца. Цыбуля таксама добра разыходзіцца…

У 9 гадзін раніцы на машыне Палескай станцыі засталося толькі каля 30 сетак бульбы па 16 капеек за кілаграм, ад ячменю і трыцікале адпаведна па 19 і 18 капеек  не засталося і звання. Найбольш папулярнымі ў СВК “Азярніца” былі авёс і кукуруза. “Гарадоцкі” хутка рэалізаваў рыбу, свайго пакупніка знайшоў мёд, які можна было купіць за 3,6 рублі за паўкілаграмовы слоік. Не назіралася чаргі каля вялікагрузнага аўтамабіля фермерскай гаспадаркі “Юліян”, дзе можна было набыць моркву і бульбу па 15 капеек за кілаграм. Бычкі з “Новага Палесся” таксама “сумавалі” ў чаканні новых гаспадароў.

– На кірмашы ў Мікашэвічах усіх бычкоў прадалі, нават атрымалі заказ на наступны кірмаш, – дзеляцца прадстаўнікі гаспадаркі. – А тут цікавяцца жывым таварам, але пакуль не спяшаюцца з пакупкай.

У дажджлівае надвор’е праменьчык цяпла і радасці пастараліся ўнесці работнікі культуры, якія ў гэты дзень адзначалі прафесійнае свята. На Прывакзальнай плошчы для тых, хто ўжо зрабіў запасы на зіму, спявалі народныя і фальклорныя калектывы – “Вандроўнікі”, “Весніца”, “Світанак”, “Крынічанька” і “Жывіца”.

Для стаміўшыхся працавалі кафэ “пад парасонамі”, дзе можна было пачаставацца шашлыкамі, каўбасамі-грыль, іншай кулінарнай і кандытарскай прадукцыяй філіяла “Харчтавары” і ОРСа.

Трэба спадзявацца, што наступны кірмаш у Лунінцы, намечаны на 30 кастрычніка, пройдзе пры спрыяльных умовах надвор’я і падорыць цудоўны настрой, як пакупнікам, так і гандлярам.

img_0280 img_0290 img_0302 img_0308 img_0316 img_0318 img_0321 img_0332 img_0340

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть