У адрозненне ад іншых гарадоў лунінчане адсвяткавалі Дзень моладзі напярэдадні – 29 чэрвеня. Арганізатары памянялі не толькі дату, але і месца правядзення мерапрыемства. На гэты раз яно адбылося на пляцоўцы каля Лядовай арэны. Менавіта сюды бліжэй да вечара актыўна пачала збірацца моладзь.
Святочна ўпрыгожаная сцэна па традыцыі сустракала лепшых прадстаўнікоў маладога пакалення Лунінеччыны. Свае він-шаванні ім, а таксама ўсім сабраўшымся адрасаваў старшыня райсавета Віталь Адзішчаў. А яшчэ – уручыў Ганаровыя граматы і падарункі маладым перадавікам вытворчасці.
Актыўна працавалі валанцёры з раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Яны раздавалі буклеты, прапагандуючыя здаровы лад жыцця, традыцыйна абменьвалі цыгарэты на цукеркі, праводзілі забаўляльныя конкурсы і запрашалі да ўдзелу ў бяспройгрышнай латарэі.
А потым галоўнымі дзеючымі асобамі свята сталі самадзейныя спевакі і танцоры. Апладысментамі сустракалі гледачы групу юнакоў-аматараў вольнага спорту пад назвай “паркур”, клуб “Самурай”, які парадаваў усіх уражваючай паказальнай праграмай.
Працаваў гандаль. Было чым пазабаўляцца дзетвары. Аднак усе з нецярпеннем чакалі галоўнай інтрыгі свята – фаер-шоу, якое абяцала кампанія VELCOM. У вызначаны час перад гледачамі паявіўся адзін з самых віртуёзных фаераў краіны. Яго захапляючае валоданне “вогненнымі шарамі” і стужкамі зачаравала многіх. Праўда, з-за вялікага скаплення моладзі ўбачыць шоу ўдалося не ўсім.