Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online

Дрэбская бібліятэка-клуб - адна з лепшых на Лунінеччыне

Дрэбская бібліятэка-клуб - адна з лепшых на Лунінеччыне

Дрэбская бібліятэка-клуб - адна з лепшых на Лунінеччыне

15 верасня, калі восень ва ўсю моц зачароўвае непаўторным хараством фарбаў, у нашай краіне прафесійнае свята адзначаюць бібліятэкары. Яно бярэ свой пачатак з даты заснавання галоўнага кнігасховішча краіны – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Час не стаіць на месцы, усё вакол мяняецца з імклівай хуткасцю. І бібліятэка сёння – гэта не проста ўстанова, у якой захоўваюцца кнігі, часопісы, газеты, а сучасны асветніцкі, культурны, інфармацыйны цэнтр, дзе можна не толькі ўзяць любімы твор, а з карысцю і цікавасцю правесці свой вольны час, сустрэцца з аднадумцамі і нават раскрыць творчыя здольнасці. А калі там працуюць прафесіяналы, якія літаральна зараджаюць сваёй любоўю да кніг і чытання, бібліятэка ператвараецца ў адмысловы духоўны астравок.

У Дрэбскую бібліятэку-клуб, адну з лепшых на Лунінеччыне, мы зазірнулі якраз напярэдадні прафесійнага свята. Людміла Карповіч, чароўная гаспадыня сапраўднага кніжнага валадарства, ветліва сустрэла. Нягледзячы на тое, што бібліятэка знаходзіцца ў старым будынку, дарэчы, рамонт якога запланаваны на бліжэйшую перспектыву, тут вельмі ўтульна і неяк нават па-хатняму цёпла. На палічках роўненькімі радкамі стаяць кнігі. Прыцягваюць погляд з густам аформленыя выставы на разнастайную літаратурную тэматыку: “Хочаш верш, а хочаш казку, выбірай жа, калі ласка”, “Мову матчыну шануй”, “Лунінеччына – край мой палескі”, “Да вытокаў душой дакрануцца”, “Свет ведаў кнігу адчыняе”. Пераступаеш парог суседняга пакоя і нібыта пераносішся ў дзівосны свет сялянскай хаткі. Тут размясціўся цікавы этнаграфічны музей “Спадчына маіх дзядоў”. На покуці ўзвышаюцца сапраўдныя кросны, якім больш за сотню гадоў, прычым дзеючыя. Рознакаляровай вясёлкай сцену ўпрыгожваюць ручнікі, нацыянальныя строі, у якіх калісьці фарсілі нашы дасціпныя і працавітыя продкі. Побач паважна стаяць прадметы хатняга ўжытку: прасы, пральнікі, часалкі, калаўрот і шмат іншых рэчаў, без якіх не абыходзіўся побыт селяніна. Хлопчыкі і дзяўчынкі з асаблівым задавальненнем любяць наведваць гэты куточак, у якім нават фіранкі і сцены дыхаюць гісторыяй. Экспанаты для музея Людміла Мікалаеўна збірала пакрысе, абыходзячы сядзібы аднавяскоўцаў. Кожная рэч – сапраўдны рарытэт. Пройдзе яшчэ нейкі час, і наўрад ці дзе знойдзеш ткацкі станок альбо верацяно, а ў Дрэбскай бібліятэцы-клубе яны захаваліся. Дарэчы, менавіта краязнаўчая работа – адзін з накірункаў дзейнасці кніжнай установы.

– А вось так мы аформілі паданне пра наш населены пункт, – гаворыць бібліятэкар, паказваючы аркуш. – Аповед запісала ад Галіны Грыневіч, маёй папярэдніцы. Гэтая цудоўная жанчына, якая не адно дзесяцігоддзе ўзначальвала бібліятэку, прывіла мне любоў да кнігі і прафесіі. Напрыканцы верасня яна адзначае прыгожы юбілей і часта наведвае ўстанову, у якой захавалася і часцінка яе шчырай душы.

Зрэшты, і сама Людміла Мікалаеўна бібліятэчнай справе, якая стала для яе і прызваннем, і сэнсам жыцця, прысвяціла не адзін год. У 2002-ім пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна яна ўладкавалася на працу сюды маладым спецыялістам, ды так і засталася ў Дрэбску.

– Сама я родам з Рэдзігерава, – кажа работнік. – Шчыра прызнаюся, што ў школе марыла стаць выкладчыцай рускай мовы і літаратуры. Прагу і любоў да чытання прывіла мая цудоўная настаўніца Марыя Аляксееўна Дзем’яновіч, а таксама бібліятэкар мясцовай сельскай бібліятэкі Нюра Паўлаўна Паўлоўская. Мяне заўсёды зачароўвала тая атмасфера цішыні і таямнічасці, што панавала ў сценах бібліятэкі, шорах старонак, а яшчэ непаўторны водар кніг, які немагчыма параўнаць ні з якім іншым. Па волі лёсу настаўніцай не стала, хаця да работы з дзецьмі таксама маю непасрэднае дачыненне.

У Дрэбску Людміла Мікалаеўна знайшла сваё каханне, яна – клапатлівая жонка і цудоўная матуля дзвюх дачушак. Старэйшая закончыла медыцынскі ўніверсітэт і зараз праходзіць інтэрнатуру ў Брэсце. Малодшанькая, матуліна памочніца, вучыцца ў 6 класе Кажан-Гарадоцкай сярэдняй школы.

– Самае галоўнае – любіць сваю прафесію, – працягвае Людміла Карповіч. – Тады і на работу бяжыш з вялікай радасцю, і асалоду атрымліваеш ад сваёй дзейнасці.

Вяскоўцы з задавальненнем хо-дзяць у кніжную ўстанову, дзе іх заўсёды з ветлівай усмешкай сустракае бібліятэкар, якая і добрую кнігу параіць, і шчырым словам падтрымае. А дзеці тут кожны дзень бываюць, напаўняючы радасным смехам пакоі. Вось і на гэты раз з дзясятак юных чытачоў зазірнулі ў госці да Людмілы Мікалаеўны. Хтосьці, каб узяць чарговую кнігу, а нехта, каб паказаць свае новыя малюнкі ці пачытаць вершы, альбо пагуляць у шашкі ці шахматы. Усяго абанентаў налічваецца ў бібліятэцы больш за 350 чалавек, сотня з іх – дзеці.

– Чытаць у Дрэбску вельмі любяць, – адзначае бібліятэкар. – Бяруць разнастайную літаратуру: ад класікі да фантастыкі. Хочацца назваць самых актыўных: Надзею Бірыла, Марыю Даніловіч, Міхаіла Арашкевіча, Аляксандра Даніловіча, Вольгу Грыневіч, Вольгу Комар, Алу Гладоўскую, Вераніку Пройдзіну, Амелію Грыневіч, Глеба Аліфяровіча, Уладзіслава Калянковіча.

Неабходна адзначыць, што ў Дрэбску праводзяцца вельмі займальныя і цікавыя мерапрыемствы, якія разам з Людмілай Карповіч дапамагае ладзіць таленавіты культ-арганізатар Васіль Рудэнка.

Пакідалі ўстанову з неверагодна цёплым пачуццём ад усведамлення таго, што цікавасць да кнігі ў наш вірлівы час у людзей не прападзе, пакуль працуюць такія неабыякавыя і адданыя сваёй справе людзі, як Людміла Карповіч.

Кацярына Яцушкевіч.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

Следующая новость →