Дзень бібліятэк
прайшоў у раёне весела і займальна.
Віншуючы прысутных, дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Надзея Радзіяновіч найперш успомніла тых, хто прысвяціў ціхай і непрыкметнай прафесіі сваё працоўнае жыццё. Ганаровыя граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за высокі прафесіяналізм, адданасць бібліятэчнай справе былі ўручаны загадчыцы Лунінскай сельскай бібліятэкі Лідзіі Цімашэй, бібліятэкарам Багданаўскай, Ракітнянскай і Сінкевіцкай бібліятэк – Марыі Антановіч, Алене Грыневіч, Алене Пракаповіч. Аб тым, што яны знайшлі сябе ў прафесіі сведчыць 25-гадовая работа ў храме кнігі Валянціны Яфрэмавай, Алы Радзюк, Іны Бушыла, Галіны Канановіч, Ірыны Раковіч, Наталлі Канановіч, Людмілы Зіміч, якія таксама былі ўдастоены адпаведных грамат.
Ніхто не дасць такога дакладнага вызначэння сваёй прафесіі, як яе выканаўцы. З усёй непасрэднасцю аб сваіх функцыях яны гавораць так: мы правяраем горы старой і новай літаратуры, выконваем заяўкі чытачоў, прапускаем праз сябе мора інфармацыі і гадзінамі сядзім перад камп’ютарамі, і ў рэшце, дазваляем працаваць сваёй бібліятэцы! І ўсё гэта робіцца дзеля сваіх любімых чытачоў. Ад іх з прывітальнымі словамі звярнуліся Вадзім Жылко і Іван Панасюк.
Свята суправаджалася песнямі, танцамі, тэатралізаванымі пастаноўкамі. Шмат прыемных хвілін падарылі прысутным маляўніча аформленыя выставы кніг і народнай творчасці.