Грыбны… Палісад
Кожны лунінчанін імкнецца добраўпарадкаваць тэрыторыю каля дома кветкамі і садовымі дрэвамі.
Такая ж прыгажасць у выглядзе фіялетавых хрызантэм і карлікавых яблынь заўсёды пануе ў двары Галіны НОВІК. А сёлета прырода падарыла ветэрану працы завода “Палессеэлектрамаш” яшчэ і россып залатых апенькаў на аксаміце зялёнай травы.
– Шкадавала, што здароўе не дазваляе ў лес за грыбамі наведацца, вось яны і самі прыйшлі да мяне, – жартуе Галіна Мікалаеўна.
Яна ўжо насмажыла восеньскі пачастунак і нарыхтавала салянку на зіму, сабраўшы дзве вялікія місы (на здымку – з трэцяй), а апенькаў, здаецца, не зменшылася. З асцярожнасцю па стракатым дыване ступае нават важны кот Малыш, убраны ў чорнае футра з белым гальштукам, быццам таксама ўсведамляе шчодрае багацце прыроды…
Фота Таццяны КАНАПАЦКАЙ.