Каардынаты сэрца
Куды б не закінуў лёс, у кожнага з нас ёсць месца, дзе ўсе паўсядзённыя праблемы губляюць актуальнасць і адыходзяць на другі план, на душы пануе спакой, а сэрца напаўняецца энергіяй і аптымізмам. Для большасці з нас – гэта малая радзіма. Мабыць, таму на Дні вёсак Сінкевіцкага сельсавета заўсёды мнагалюдна. Нават калі ўраджэнцаў краю звязваюць з Лунінеччынай ужо толькі ўспаміны, яны ўсё роўна імкнуцца пабываць на гэтым свяце. Каб даведацца, чым жылі землякі апошні год, убачыць сяброў дзяцінства і юнацтва, парадавацца за іх чарговыя дасягненні.
Павітаўшы землякоў, в.а. старшыні мясцовай «вертыкалі» Валерый Краснікевіч пажадаў моцнага здароўя доўгажыхарцы з Мокрава Вользе Пракаповіч. У гэтай жа вёсцы пражывае мнагадзетная сям’я Юрыя і Раісы Бліновых, якія, без перабольшання, могуць служыць прыкладам кахання, згоды і разумення для ўсіх аднавяскоўцаў. Марш Мендэльсона прагучаў для сінкевіцкіх пар: Васіля і Святланы Кулакевічаў, Юрыя і Людмілы Рудзько – яны сёлета адзначылі адпаведна залаты і сярэбраны юбілеі сумеснага жыцця. Шмат цёплых віншавальных слоў ад прадстаўнікоў улады і іншых службаў гучалі ў адрас мокраўчанкі Алы Пяшко – мамы самай юнай жыхаркі сель-скага Савета. Сапраўдным наглядным дапаможнікам для аматараў рукадзелля можна назваць выставу дэкаратыўна-прыкладных работ вядомай мясцовай майстрыхі Алены Клеўжыц.
Каштоўным падарункам за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у грамадскім жыцці населеных пунктаў сельсавета адзначылі старасту Сітніцкага Двара Галіну Крывулец. А яшчэ – сям’ю Аляксея і Валянціны Саўчукоў, чый падворак у Мокрава прызнаны лепшым па добраўпарадкаванню. Пераможцам аналагічнага конкурсу сярод прадпрыемстваў і арганізацый стала Сінкевіцкае лясніцтва, калектыў якога доўгі час узначальвае Мікалай Філюк.
Многа спецыялістаў працуюць у дзяржпрадпрыемстве «Сінкевіцкі», мясцовай сярэдняй школе, дзіцячым садку, ААТ «Палімер», аддзяленні паштовай сувязі, Доме культуры, медыцынскай службе і гандлі. Лепшыя прадстаўнікі гэтых калектываў таксама не засталіся без увагі, у тым ліку – артыстаў, якія падхапілі святочную эстафету.
На працягу некалькіх гадзін добры настрой галоўным героям дня і ўсім удзельнікам мерапрыемства дарылі мясцовыя самадзейнікі і творчыя аб’яднанні аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Знайшлося шмат цікавых забаўляльных заняткаў і для дзетвары. Аб гэтым паклапаціліся работнікі Язвінскага СДК на чале з Жаннай Лапацінай і індывідуальныя прадпрымальнікі. Завяршыўся Дзень вёсак Сінкевіцкага сельскага Савета традыцыйна – дыскатэкай і феерверкам.