Прадстаўнікі Лунінецкага раёна сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод хлебаробаў
КонкурсМикашевичиНовости районаОбществоЭкономикаАгропром

Прадстаўнікі Лунінецкага раёна сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод хлебаробаў

У Ганцавічах на «Дажынках-2023» ушануюць і прадстаўнікоў Лунінеччыны, якія сталі пераможцамі ў працоўным спаборніцтве сярод хлебаробаў Брэстчыны.

Лідарамі жніва сталі тры работнікі КСУП “Гарадоцкі”. Для вадзіцеля аўтамабіля “ГАЗ-53” Мікалая Кіндрука паездкі на абласное свята з’яўляюцца добрай штогадовай традыцыяй. Гісторыя перамог занатавана ў падарунках. Сярод самых значных – 2 матацыклы, 2 камп’ютэры, дамашні кінатэатр, халадзільнік, відэакамера, некалькі тэлевізараў. Шмат было менш габарытных рэчаў і грашовых прэмій. Няпроста пералічыць і ўсе адрасаваныя яму Ганаровыя граматы.

Мікалай Мікалаевіч юнаком уладкаваўся ў мясцовы калгас. Даверылі «ГАЗ-52», на якім набываў першы вопыт, потым перасеў на «ГАЗ-53». Апошні аўтамабіль такой маркі атрымаў у савецкі час. Менавіта на тэхніцы, выпушчанай 35 год таму, наш зямляк ставіць рэкорды. І сёлета ён заняў прызавое месца ў вобласці сярод вадзіцеляў, за-дзейнічаных на адвозцы зерня ад камбайнаў. Юбілейным для вяскоўца быў 2021 год: ён сустрэў 60-ую вясну з даты нараджэння, а запіс бесперапыннага стажу ў працоўнай кніжцы склаў 40 год.

Прыемна, што разам з вопытным працаўніком узнімуцца на галоўную сцэну і зусім маладыя прадстаўнікі калектыву – маладзёжны экіпаж камбайнераў у складзе Андрэя Бірылы і Мікалая Канапацкага. Разам яны ўдзельнічалі ва ўборцы хлеба другі сезон, увесь перыяд знаходзіліся на перадавых пазіцыях у раённым спаборніцтве. Андрэй родам з Кажан-Гарадка, Мікалай – з Лахвы. Пасля заканчэння школы атрымалі спецыяльнасць трактарыстаў-машыністаў, упэўнены, што не памыліліся ў выбары прафесіі, любяць яе і гатовы сумленна змагацца за высокія паказчыкі. Спраўляюцца з любымі цяжкасцямі і на асабістым прыкладзе даказваюць акружаючым, што работа на зямлі – пачэсная, цікавая і патрэбная.

Шмат агульнага і ў лёсах юнакоў. Абодва прыйшлі ў прафесію па прыкладу бацькоў, нядаўна стварылі свае сем’і. Працоўныя перамогі Андрэй прысвячае маленькай дачушцы Ксеніі, а Мікалай – сыночку Уладзіславу.

З ААТ “Дварэцкі” ў пераможцы высокага ўзроўню выйшлі ва-дзіцель аўтамабіля “ГАЗ-53” Уладзімір Кіндрук, экіпаж камбайнераў у складзе Сяргея Калюціча і Юрыя Мірановіча, малады камбайнер Уладзімір Грыцкевіч.

Уладзімір Кіндрук дакладна не падлічваў, але гонар удзельнічаць у свяце хлебаробаў яму выпадаў неаднаразова. Вясковец ніколі не мяняў месца жыхарства і месца работы. Як вырас у Ракітна, так і застаўся на малой радзіме. Як прыйшоў у 1976-ым у мясцовы калгас вадзіцелем грузавіка, так і да сённяшняга дня адданы спецыяльнасці і марцы аўтамабі-ля. Апошняму “ГАЗ-53” хутка споўніцца два дзесяцігоддзі, і перад кожным сезонам ён рыхтуе тэхніку з усёй адказнасцю, каб у гарачы перыяд не здарылася збояў. Побач курсіруюць сучасныя “МАЗы”, здзіўляючы ўсё большымі тэхнічнымі магчымасцямі, а ён па-ранейшаму дакладна выконвае нарады, уносячы пасільны ўклад у агульную справу.

Сяргей Калюціч – камбайнер з 20-гадовым стажам, яго памочнік Юрый Мірановіч прыйшоў у гаспадарку нядаўна. Але тандэм у іх склаўся выдатны. На “Джон-Дзіры” малацілі збожжа, якое самі ж і вырошчвалі, апрацоўваючы палеткі перад сяўбой і займаючыся доглядам за культурамі. Сёлетняе жніво было складаным з-за частых дажджоў, даводзілася літаральна па метрах адваёўваць у непагадзі спелае калоссе, не дапускаць высыпання зярнятаў. У той перыяд ніхто не думаў пра дасягненні, кожны хваляваўся за хлеб, якім зямля шчодра ад-дзячыла сялянам за руплівасць. Калі ўдалося ўсё сабраць, то і настрой палепшыўся. А вестка пра ўдзел у абласных “Дажынках” паслужыць для механізатараў дадатковым стымулам, каб з яшчэ большым натхненнем выконваць паўсядзённыя задачы.

– У сялянскай справе няма адладжаных каляндарных графікаў, часта ўсё даводзіцца вырашаць на хаду, – кажа Сяргей Уладзіміравіч. – Калі надвор’е спрыяла, не звярталі ўвагі на гадзіннікі ці асабістыя клопаты. Нашы продкі не жылі ў раскошы, здабывалі ўсё сваімі мазалямі і нас вучылі шанаваць кожны каласок. Па іх запавету і мы беражліва адносімся да роднай зямлі.

Уладзімір Грыцкевіч вырас у Вялікіх Чучавічах. З маленства захапляўся трактарам, на якім працаваў тата. Прасіў дазволу пасядзець за рулём, а падчас рамонтных работ быў незаменным памочнікам. У даросласці прыступіў да абавязкаў на палетках “Дварэцкага”. Кіраўніцтву хапіла кароткага тэрміну, каб упэўніц-ца, што механізатару можна даверыць самыя адказныя задачы.

Уладзімір – сапраўдны ўніверсал, гатовы ўзяцца за любое заданне. Зімой падвозіць і грузіць кармы на жывёлагадоўчай ферме. На энерганасычаным трактары ён заняты вясной і восенню: апрацоўвае глебу падчас пасяўной кампаніі, скошвае травы ў перыяд нарыхтоўкі кармоў, вывозіць і ўносіць  арганіку. А летам удзельнічае ў жніве, імкнучыся да высокіх намалотаў на збожжаўборачным камбайне. Сёлетняя перамога на вобласці – другая ў скарбонцы асабістых дасягненняў. Таксама важна, што любую тэхніку трымае ў выдатным стане, своечасова праводзіць рамонты.

Марыя ЯРАХОВІЧ 

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть