Бізнес з водарам клубніц ад Лунінецкага раёна да Мінска
Лунiнецкiя клубнiцыМикашевичиНовости районаОбществоМолодежьАгропром

Бізнес з водарам клубніц ад Лунінецкага раёна да Мінска

У інстаграме Юліі Нікалаевіч, блогера з вёскі і Мінска, як яна сама сябе называе, ёсць цікавы радок: «Мы накармілі больш як 20 тысяч мінчан». З гэтага і пачалі нашу размову.

– Гэта атрымалася неяк зусім выпадкова, – расказвае дзяўчына. – Бацькі майго маладога чалавека Галіна Іванаўна і Міхаіл Іванавіч Яраховічы даўно займаюцца клубніцамі, а мае тата Васіль Міхайлавіч і мама Марыя Васільеўна – агароднінай. Колькі сябе памятаю, у нас вялікія надзелы вырошчвалі. Ніколі не задумвалася пра інтэрнэт, тыя ж клуб-ніцы раней у Дварцы рэалізоўвалі перакупшчыкам. Аднойчы проста сфатаграфавала ягады і выклала ў інстаграм, а людзі зацікавіліся, пачалі пытаць, дзе і як набыць. Завезла скрынку пад заказ у Мінск, пазней больш. З часам аб’ёмы сталі павялічвацца.

– Атрымліваецца, ваш блог дзве сям’і корміць…

– Пэўна, – усміхаецца дзяўчына. – Клубніцамі не абмяжоўваемся. Прапануем жыхарам сталіцы ўсё, што вырошч-ваем на зямлі ў Міжлессі і Галым Бары. Цяпер – клубніцы. «Альба», «Брыла», «Мальвіна». Пад імі ў нас гектары два зямлі. Пазней – буякі, восенню – бульба, морква, буракі…

– Давай згадаем пра дзяцінства?

– Яно асабліва нічым не вызначалася. Хіба што з дзяцінства была яркай дзяўчынкай. Мне вельмі падабалася ўсё і ўсіх фатаграфаваць. Спачатку на плёначны апарат, пазней – на лічбавы і тэлефон. Мабыць, год у 10 зрабіла першае сэлфі. Ужо тады зразумела, трэба займацца тым, што падабаецца. Расла ў Міжлессі, вучылася ў мясцовай школе. Тут жа пазнаёмілася з Андрэем, паміж намі ўспыхнула каханне. Праўда, пасля 9 класаў я паступіла ў Мінск у гандлёвы каледж, пазней вучылася ў эканамічным універсітэце, і нашы дарогі размінуліся.

– Аднак, цяпер вы зноў разам.

– І не проста разам. У самым пачатку восені замацуем нашы адносіны, адсвяткуем вяселле. Спачатку не планавалі рабіць урачыстасць, а пазней вырашылі, што трэба зрабіць свята для родных і блізкіх. Чалавек сто будзе…

– Прызнанне ў каханні было рамантычным?

– Незвычайным, дакладна! Гады два таму сяброўкі ноччу прыехалі павіншаваць з днём нараджэння, каб першымі быць. А тут і Андрэй. З букетам кветак і пярсцёнкам.

– За больш як 10 год знаходжання ў Мінску ці змяніўся лад жыцця?

– Так, а яшчэ адносіны да сябе, да карыстальнікаў. Калі пачынала свой блог, рэкламавала невялікія скрыначкі ручной работы. Пазней паявіліся прыхільнікі, сталі дасылаць кампліменты і пісаць словы падтрымкі. Я стала менш сарамлівай, аднак і ў рэальным жыцці, і ў інтэрнэце – усё такая ж прыгожая, шчырая і сапраўдная!

– Цяжка жыць на два гарады?

– У Мінску ў мяне кватэра. Там працую, выконваю заказы. Калі надакучвае шум і мітусня – вяртаюся ў вёску. Тут дапамагаю, здымаю новы кантэнт для блога. Праўда, бацькі і Андрэй стараюцца абмежаваць ад фізічнай працы. Так і кажуць, ідзі лепш у сваім тэлефоне папрацуй.

– «Юля-клубнічка». Назва спецыяльна так задумвалася?

– Прызнацца, нават не разважала аб назве блога. Калі стала даволі часта размяшчаць пасты з клубніцамі, карыстальнікі падказалі, што так лягчэй асацыіраваць з прапануемым таварам. Так і стала – Юля-клубнічка. Нават назвай блога прасоўваю брэнд раёна на сталічным узроўні. Пазней на мікрааўтобусе спасылку на старонку ў інстаграме размясціла, а побач і нашу лунінецкую ягадку.

– Цяпер у цябе больш як 75 тысяч прыхільнікаў. Што ў планах?

– У мяне няма мэты 100 тысяч і нейкіх грандыёзных планаў. Галоўнае, каб аўдыторыі падабалася быць са мной. Для гэтага буду працягваць рабіць невялікія відэазапісы і фотаздымкі з вясковага жыцця. Ведаю, што ім гэта падабаецца. У бліжэйшы час – выйсці замуж, каб усё прайшло без прыгод. Каб у задавальненне прайшоў клубнічны сезон. З’ездзіць у мядовы месяц. А яшчэ – пабудаваць свой уласны дом.

Гутарыў Аляксандр КОЎКА.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть