“Мы выбіраем Гомель”
Культура

“Мы выбіраем Гомель”

гомельТак заявілі некаторыя з ліцэістаў, якія наведалі ВНУ абласнога горада.
Кола сучасных прафесій вялікае – сёння ў свеце іх налічваецца больш як 40 тысяч – і разнастайнае. Выпуск-нікам-2014 і нашым паслядоўнікам належыць зрабіць сапраўды складаны выбар. Дапамогу ліцэістам аказвае бібліятэкар Ірына Раманчук, якая арганізавала паездку ў Гомель.
Наведалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. На гуманітарна-эканамічным факультэце нас сустрэў дэкан Ігар Казарог, які адзначыў, што ў сучаснасці веды становяцца капіталам і галоўным рэсурсам эканомікі. Загадчыца кафедры “Мытная справа” Наталля Грамыка паведаміла аб сферах прафесійнай дзейнасці.
Нашым “куратарам” у ВНУ была выпускніца-2010 ліцэя, студэнтка VI курса Кацярына Макоўская, якая набывае спецыяльнасць “мытная справа”. Ад яе даведаліся, што студэнты могуць займацца не толькі вучобай і навукай, але спортам і творчасцю. Тут створаны аздараўленчы комплекс, басейн, гурткі па інтарэсах.
З архітэктурным факультэтам БелДУТа нас знаёмілі старшы выкладчык Таццяна Ціткова і загадчык лабараторыі Таццяна Смірнова. Уразілі макеты работ студэнтаў: дамы, цэрквы, пасёлкі, шматфункцыянальныя будынкі.
Дэкан падрыхтоўчага факультэта Ала Няўзорава расказала аб прафесійных кампетэнцыях адукацыйнага працэсу ў ВНУ. Ліцэісты задаволілі сваю цікаўнасць наконт паступлення, летніх курсаў па прадмету “творчасць”, пражывання ў інтэрнаце.
Нам нават удалося ацаніць студэнцкую сталоўку! Вялі-кая, светлая, галоўнае ж – са смачнымі і недарагімі па кошце стравамі. Падмацаваўшыся ежай, знаёміліся з Гомелем. Ён больш спакойны, у адрозненне ад сталіцы. Лепш і прыгажэй не прыдумаеш адпачынку, чым у палацава-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў!
Ад’язджалі, разважаючы над прамовамі выкладчыкаў. Каб будаваць квітнеючую краіну – Рэспубліку Беларусь, неабходны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Яны запатрабаваны ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Аднак, прафесіяналамі не нараджаюцца – імі становяцца ў працэсе набыцця ведаў і вопыту практычнай дзейнасці. БелДУТ – адзіная транспартная ВНУ дзяржавы. Універсітэт мае ўсе ўмовы для падрыхтоўкі “класных” спецыялістаў.
Усведамляем, што жыццё пастаянна ставіць нас перад выбарам. Вельмі важна навучыцца прымаць узважаныя рашэнні. Першае намі ўжо абдумана. Будзем імкнуцца стаць студэнтамі менавіта гэтага ўніверсітэта, каб у новай ролі сустрэцца з гасціннымі гаспадарамі.
Насця БАЎКУНОВІЧ, Вераніка КАНАПАЦКАЯ, вучні 11 “Б” класа ліцэя.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть