Народны аркестр беларускіх народных інструментаў выступіў у Лунінцы
КультураНовости районаОбществоОбразование

Народны аркестр беларускіх народных інструментаў выступіў у Лунінцы

Аркестр… Цуд, якi ёсць на свеце. Толькі ўявіце: шмат людзей, аб’яднаных адной мэтай, натхненнем і жаданнем тварыць музыку. Адчуць яе, прапусціць праз сваё сэрца i душу, увасобіць задуму кампазітара — i падзяліцца гэтым са слухачамі. Гукамі, нібы фарбамі, аркестр можа пісаць яркія маляўнічыя палотны, пераносіць нас у розныя светы, вымярэнні і эпохі. Дарыць незабыўныя моманты радасці, надзеі, а таксама i сустрэчы з самымі патаемнымі смуткамі ўласнай душы. Вось што можа падарыць чалавеку сапраўднае мастацтва.

Глядач, як камертон, улоўлівае кожны парыў артыста, адчувае яго шчырасць і сумленнасць. Але i ніякая фальш і няпраўда на сцэне не застануцца незаўважанымі. I каб музыка захапiла, падарыла асалоду, закранула тонкія стрункі душы, музыканты павінны валодаць сапраўдным талентам, майстэрствам і гарэць жаданнем да сваёй справы.

Лунінчанам пашанцавала, таму што нядаўна да іх завiтаў менавіта такі калектыў — лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, Народны аркестр беларускіх народных інструментаў Баранавiчскага музычнага каледжа. На нейкі час аркестранты і ўсе слухачы гарадскога дома культуры сталі адзiным цэлым, вялiкiм караблём-вандроўнікам, які падарожнічаў па хвалях гукаў. А кiравала гэтым падарожжам яе вялікасць Музыка. 

На сцэне рабілася сапраўдная магія, дыялог розных музычных прылад: узмах малаточкаў цымбал, спевы баяна, россып вясёлай балалайкi,  размова элегантнага акардэона, гучанне сціплага кларнета… Музыка нараджалася ад узмаху дырыжорскай палачкі мастацкага кіраўніка і дырыжора аркестра Алены Хачкоўскай, якая стварала музычную магiю, нібы чараўніца. Уразіла і разнастайная праграма канцэрта. Калектыў выканаў творы як беларускіх класікаў, так i сучасных беларускiх кампазiтараў, вядомых на ўвесь свет: Уладзiмiра Солтана, Уладзiмiра Грушэўскага, Вячаслава Кузняцова, Вiктара Малых.

Таксама парадавалі лунінчан хіты з вядомых фільмаў-лаўрэатаў кінематаграфічнай прэміі Оскар. У той жа вечар гучала і неўміручая музыка вялікага рускага кампазітара Сяргея Рахманінава, 150-годдзе з нараджэння якога адзначае ўвесь музычны свет. Варта адзначыць, што ўвесь канцэрт выконваўся толькi ўжывую, выступалi iнструменталiсты, што на сённяшні дзень з’яўляецца рэдкасцю, і тым больш каштоўна для сапраўдных меламанаў.

Народны аркестр беларускіх народных інструментаў i Алена Хачкоўская падарылі жыхарам нашага горада незабыўныя ўражанні, эмоцыі і падзяліліся выдатным настроем. Пасля апошняга нумара праграмы ў зале яшчэ доўга не змаўкалі апладысменты, а з твараў шчаслівых слухачоў не сыходзілі ўсмешкі. Дзякуем аркестру за гэтае хараство музыкі і прыгажосці! Жадаем яму нязгаснага натхнення, росквіту і вялiкiх сцэн! I, канешне, будзем вельмі рады ўбачыць і пачуць гэты цудоўны калектыў на Лунiнеччыне зноў!

Таццяна Плюшчай, настаўнiк ДШМ г. Лунінец. Фота аўтара



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть