Сям’я КАЗУН з Бродніцы цалкам адпавядае значэнню аб’ядноўваючага іх слова. Іх – сямёра. Мама Ганна Іванаўна, тата Анатоль Міхайлавіч і дзеткі – Маша, Таня, Андрэй, Дзімка і Волечка.
Здавалася б, звычайная вясковая сям’я, са сваімі клопатамі па гаспадарцы, ды ёсць у іх штосьці прыцягальнае, асаблівае. Як кажа Ганна Іванаўна, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па догляду за малышкай: «Мабыць таму, што ў нас сем «Я». Маша закончыла ліцэй, будзе паступаць у ВНУ, Таня – выпускніца мясцовай базавай школы – таксама стаіць перад выбарам жыццёвага шляху. У Андрэя такі ж клопат будзе на наступны год. Дзімка і Волечка – пакуль яшчэ маленькія. Але час бяжыць. Хутка давядзецца малодшага сыночка збіраць у школу. А там не заўважым, як з першым вялікім букетам кветак і прыгожымі белымі бантамі пераступіць ганак «храма ведаў» Волечка».
Іх вялікі дом у Бродніцы заўсёды напоўнены дзіцячымі галасамі. Нядаўна, дзякуючы льготнаму крэдыту, Казуны змаглі зрабіць у ім рэканструкцыю і рамонт, за што ўдзячны мясцовым уладам.
Анатоль Міхайлавіч працуе ў райаграсервісе, а разам яны штодня шчыруюць на зямлі, даглядаюць за каровай, парсючкамі і свойскай птушкай. Работы па гаспадарцы шмат, але пражыць без гэтага вялікай сям’і сёння складана. Да таго ж, бацькі ўпэўнены, што ў дзяцінстве найлепш выхоўвае менавіта праца.
Знаёмства з гэтай сям’ёй пакінула светлыя ўражанні, дзякуючы шчырасці, святлу і дабрыні, якія Казуны нясуць людзям!