Многія раёны маюць славутасці, цікавыя мясціны, своеасаблівыя “візітоўкі”. Лунінеччына ўсё ярчэй заяўляе пра сябе клубніцамі. Невыпадкова менавіта гэта ягада стала брэндам раёна. А першае свята, прысвечанае ёй, у выхадныя адбылося ў Дварцы – “клубнічнай сталіцы” краіны.
Разнастайнасцю арыгінальных вырабаў віталі гасцей выставы “Лунінецкія клубніцы” і “Шчадроты Палескага краю”. Вось дык фантазёры нашы ўмельцы! На галоўнай сцэне разгарнулася ўрачыстая частка – з добрым пачаткам павіншавалі сабраўшыхся старшыня райсавета Віталь Адзішчаў і начальнік аддзела культуры райвыканкама Ганна Баецкая. Яны ж уручылі дыпломы ў розных намінацыях прадстаўнікам працоўных калектываў, якія былі задзейнічаны ў арганізацыі свята, а таксама пераможцам раённых конкурсаў. Прыемна, што сярод адзначаных і пастаянныя аўтары “Лунінецкіх навін”, творы якіх пра цуда-ягаду змешчаны на спецыяльнай старонцы мінулага нумара газеты.
Работнікі райспажыўтаварыства і ОРС НОД-2 паклапаціліся пра тое, каб працаваў выязны гандаль з разнастайнымі прысмакамі і напіткамі. Настаўнікі мясцовай школы і іншых навучальных устаноў раёна дапамаглі ў арганізацыі работы з дзецьмі – праводзілі конкурсы, малявалі, стваралі партрэты. Аддзел па фізкультуры, спорту і турызме наладзіў для мужных і спрытных спаборніцтвы, якія карысталіся вялікай папулярнасцю. Работніцы дзіцячай бібліятэкі запрашалі сфатаграфавацца ў спецыяльна вырабленых маляўнічых шаблонах. Прадпрымальнікі прапаноў-валі нязменныя для масавых мерапрыемстваў салодкую вату і папкорн.
Сцэнай тым часам завалодалі самадзейныя артысты. Ногі самі пускаліся ў скокі ад прыгожых беларускіх песень у выкананні дварэцкіх “Вандроўнікаў”, кажан-гарадоцкай “Сустрэчы”, дзятлавіцкага “Світанка”… Парадавалі прысутных Максім Перапёлкін, Генадзь Шэўчык і прадстаўнікі сельскагаспадарчага каледжа. Шчыра лунінчане віталі выступленні нашых суседзяў – самадзейных калектываў “Крыніцы” з Пінскага раёна і “Церабяжоўскія харашухі” са Століншчыны.
А вечарам моладзь і людзі больш сталага ўзросту з задавальненнем адпачывалі на свежым паветры, танцавалі і… думалі пра новае “клубнічнае” свята, якое абяцае стаць на Лунінеччыне традыцыйным летнім мерапрыемствам. Як кажуць, “хораша папрацавалі, трэба добра адпачыць!”.