«Ваяваў дзядуля маёй мамы…»
У раённым краязнаўчым музеі адкрыта выстава прадметаў ваеннай атрыбутыкі «Ідзе салдат па горадзе». Увазе наведвальнікаў прадстаўлены экспанаты, якія захоўваюцца ў фондах установы.
Тут кожны прадмет нагадвае пра вайну і абарону родных рубяжоў ад чужынцаў. Найперш кідаецца ў вочы рад манекенаў з вайсковай формай розных перыядаў баявога мінулага. Кароткія надпісы сведчаць толькі пра дату і род войск, а за выцвілымі каўнярамі шынеляў і кіцеляў схаваны ўсе нягоды іх уладальнікаў.
На стэлажах размешчаны галаўныя ўборы, каскі, сумкі, біклагі і шмат іншых рэчаў, з якімі не развітваліся байцы падчас ваенных паходаў. Гісторыя многіх з іх з’яўляецца сапраўднай легендай пра слынны шлях нашых землякоў.
Пад шклом раскладзены шматлікія ўзнагароды, дакументы, пісьмы з фронту. Кожны іх радок прасякнуты болем за блізкіх, і расказвае пра мужнасць нашых дзедаў і прадзедаў. Афіцыйныя радкі пахаванак і сведчанняў пра тое, што чалавек «прапаў без вестак» – гісторыя скалечаных людскіх лёсаў ад узброеных канфліктаў. На старых фотаздымках – далёкія падзеі, якія засталіся ў вечнасці.
На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі, грамадскіх аб’яднанняў, былыя вайскоўцы. І самая шматлікая аўдыторыя – школьнікі і навучэнцы Лунінеччыны, для якіх падобныя мерапрыемствы – выдатны ўрок патрыятычнага выхавання, магчымасць дакрануцца да нацыянальнай спадчыны малой радзімы.
Андрэй, 10 клас:
– Пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны шмат чытаў і глядзеў кінафільмы. Некалі тата параіў пазнаёміцца з некалькімі кніжкамі з хатняй бібліятэкі, і яны закранулі за жывое. Спачуваю равеснікам таго часу – яны пастаянна рызыкавалі жыццём, не мелі элементарных умоў, страчвалі сваіх блізкіх…
Вікторыя, 11 клас:
– У музеі адчуваецца атмасфера мінулага, быццам трапляеш у другое вымярэнне, пачынаеш больш глыбока ўдумвацца ў сэнс жыцця. Перад прыходам сюды нязначныя праблемы так хвалявалі, здаваліся невырашальнымі, а цяпер нават сорамна становіцца за тыя свае адчуванні.
Сяргей, 9 клас:
– У перыяд змаганняў дзеля мірнага неба людзі прайшлі праз неверагодна цяжкія выпрабаванні, многія загінулі. Лічу, што задача нашага пакалення – не толькі памятаць пра іх. Яшчэ важна быць адказнымі, смелымі, сумленнымі. Каб нікому не здалося, што прынесеныя продкамі ахвяры аказаліся марнымі.
Ангеліна, 10 клас:
– Заўважыла, што ўся моладзь прачулена аднеслася да мерапрыемства ў музеі, а значыць, стараннасць арганізатараў апраўдалася. На такія прадметы варта паглядзець кожнаму з нас. Пра вайну ведаю, але няшмат. На фронце быў дзядуля маёй мамы, які пайшоў з жыцця раней, чым я нарадзілася.
Апошнія словы дзяўчынкі закранулі той асаблівасцю, што ўжо шмат пакаленняў раздзяляе сучаснікаў ад удзельнікаў узброеных канфлік-таў на роднай зямлі. Вядома, мір хісткі – горкім напамінам пра гэта сталі па-дзеі 1980-ых у Афганістане. І зараз у свеце неспакойна. Таму важна для ўсіх узростаў, каб патрыятычная тэма заставалася актуальнай, а сённяшнія хлопчыкі былі гатовымі стаць у строй адважных і мужных абаронцаў Айчыны.