Вы – у лазню? А мы – у Дзятлавічы!
На традыцыйнае навагодняе прадстаўленне ў мясцовы Дом культуры спяшаліся не толькі жыхары вёскі.
Шэраг лунінчан
таксама аддаюць перавагу жывой творчасці самадзейных артыстаў перад тэлешоу з аднастайнымі тварамі так званых “медыйных персон”. Сёлета ж у Дзятлавічы завіталі і госці з многіх гарадоў Беларусі. Уражаныя дарослыя і дзеці спыняліся адразу ў фае – іх сустракалі “заснежаныя” зялёныя прыгажуні. Можна ўявіць, колькі намаганняў укла-дзена ў гэты “рукатворны шэрань”, але прыгажосць была вартая часу і працы! Захапіла і “старая казка пра галоўнае”, у якой украдзеную навагоднюю песеньку шукала дружная каманда вядомых літаратурных персанажаў пад кіраўніцтвам абаяльнай Мальвіны. У працэсе “вызваленчага паходу” вярталіся ўсмешкі сумным разбойнікам, якія тут жа захапілі гледачоў брэйк-дансам; высакароднасць праяўляў кот Баян; ажыццяўлялася мара Карабаса-Барабаса, які адразу стаў станоўчым героем. Жадаючы трапіць на навагодні баль, перавыхава-ліся нават Кашчэй Бессмяротны і Баба Яга. На сцэне разам выступалі дарослыя і юныя самадзейныя артысты, а ў зале ўсмешкамі і апладысментамі іх віталі сябры, бабулі, бацькі, ствараючы непаўторную атмасферу сямейнага свята. Тэатральная пастаноўка працягнулася вершамі і песнямі, а на завяршэнне вечара народнае аматарскае аб’яднанне “Світанак” на чале з Аленай і Мікалаем Яскевічамі выканалі захапляючую “Вёсачку”, заклікаючы ўсіх землякоў любіць малую радзіму так, як гэта ўмеюць у Дзятлавічах.