Бяспраўнік з Мікашэвіч «атрымаў» штраф у 3700 рублёў
Пракуратура Лунінецкага раёна падтрымала ў судзе абвінавачванне па крымінальнай справе ў адносінах 35-гадовага жыхара Мікашэвіч.
Нягледзячы на тое, што мужчына не мае права кіравання транспартным сродкам, ён усё роўна садзіўся за руль, за што прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. За неаднаразовыя парушэнні закона заўзяты аўтааматар апынуўся на лаве падсудных.
Яшчэ ў 2018-ым грамадзяніна пазбавілі вадзіцельскіх правоў на тры гады. Аднак ён чамусьці не спяшаўся атрымаць новае пасведчанне, хаця і меў у асабістым карыстанні “Фальксваген-Пасат”. Менавіта за рулём гэтай машыны трапіў у поле зроку супрацоўнікаў ДАІ г. Мінска ў верасні 2021-га. За парушэнне склалі пратакол, згодна з якім заплаціў штраф у памеры 5 базавых велічынь. Ды і гэта абставіна не зменшыла жадання кіраваць аўтамабілем. Летась вясной бяспраўніка затрымалі ўжо ў Мікашэвічах. І давялося “раскашэліцца” на штраф у 20 базавых велічынь.
Здавалася б, можна ўжо і задумацца, ды дзе там?! Сёлета ў трэці раз міліцыянеры зафіксавалі не толькі адсутнасць правоў, але і тэхагляду, і ігнараванне прышпільвацца рамянём бяспекі. “Фальксваген” адправілі на штрафстаянку, а дзеянні вадзіцеля кваліфікавалі па частцы 1 артыкула 317-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Падчас судовага разбіральніцтва мужчына прызнаў віну. Згодна з прыгаворам, назначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў).
Кірыл ДАНІЛЮК, памочнік пракурора.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram