Что за коней подарили Лукашенко в Лунинецком районе?
Сімвалічны падарунак ад Брэсцкай вобласці губернатар Пётр Пархомчык уручыў на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі” Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку – два прыгожыя скакуны ўнікальнай палескай папуляцыі. Жарэбчык па мянушцы Банцік і кабылка Гаваруха не адкуль-небудзь, а з прадпрыемства “Гарадоцкі” Лунінецкага раёна, які на працягу апошніх некалькі гадоў займаецца захоўваннем і развядзеннем гэтай рэдкай пароды, што апынулася на мяжы знікнення.
Напярэдадні абласнога свята працаўнікоў вёскі, мы завіталі на племянную конеферму ў КСУП “Гарадоцкі” і даведаліся аб асаблівасцях коней палескай абарыгеннай пароды, а заадно і пазнаёміліся з Банцікам і Гаварухай. Патомны канявод Міхаіл Казун, які ў сваіх гадаванцах, здаецца, душы не чуе, гадзінамі можа расказваць пра гэтых незвычайных, вельмі разумных і высакародных жывёл. На конеферме іх сёння налічваецца больш за сто галоў. Ён даглядае разам з Міхаілам Арашкевічам і Тамарай Куней, якія таксама да глыбіні душы ўлюбёныя ў коней.
– Не паверыце, але на рабоце душой адпачываю ля гэтых сапраўды дзіўных істот, – усміхаючыся, кажа Тамара Васільеўна, частуючы кавалачкам рафінада кабылку Гаваруху. – Яны ж, як звычайныя дзеці, таксама любяць паласавацца чым-небудзь смачненькім. Калі будзеце ў наступны раз, абавязкова бярыце з сабой сухарыкі, цукар, баранкі, печыва альбо яблыкі з морквай – пабачыце, як нашы гадаванцы будуць вам удзячны за пачастунак.
– Палеская абарыгенная парода, якая паходзіць ад лясных дзікіх тарпанаў, апынулася на мяжы вымірання, прайшло б яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў і, бадай, яна б увогуле знікла, калі б не цікаўнасць да папуляцыі з боку дзяржавы, – тлумачыць Міхаіл Казун. – На Брэстчыне ўсяго дзве гаспадаркі займаюцца іх развядзеннем – акрамя нас яшчэ і “Палеская ніва”, што ў Столінскім раёне.
Высакародная ідэя заняцца конегадоўлей належыць дырэктару сельгаспрадпрыемства Сяргею Дубляніну. Менавіта ён не пабаяўся і ўзваліў на свае плечы гэту нялёгкую ношу. Пачыналі бадай з нуля. Закупілі некалькі галоў жывёл у Невелі, што пад Пінскам. Адрамантавалі старую канюшню, у якой захаваліся дзяннікі і пачалі ўзнаўляць палескую пароду, якая па-сутнасці з’яўляецца набыткам беларусаў.
– У чым незвычайнасць гэтых коней? – цікаўлюся ў спецыяліста.
– Паглядзіце, палескі конік па сваіх памерах невялікі, ён прамы патомак лясных тарпанаў, і налічвае не многа ні мала, а тысячагадовую гісторыю свайго існавання. Жывёла прайшла пэўныя этапы эвалюцыі разам з чалавецтвам, пераносячы з ім усе нягоды і нястачы. Парода і характар жывёлы фарміраваліся на працягу стагоддзяў. У выніку чалавек атрымаў сабе вернага сябра і памочніка, надта вынослівага, цягавітага і непераборлівага, а галоўнае – вельмі адданага.
У кастрычніку 2021 года конеферма “Гарадоцкага” атрымала статус племянной. І сёння тут на ўтрыманні знаходзіцца 83 галавы палескай папуляцыі, з якіх 27 – конематкі і 3 – племянныя жарабцы.
– Банцік і Гаваруха нарадзіліся ў нас на ферме ў 2022 го-дзе, – расказвае Міхаіл Казун. – Іх бацька – племянны жарабец па мянушцы Рыслінг.
– Атрымліваецца, што яны брат з сястрой, – удакладняю ў коневода.
– Калі меркаваць па чалавечых мерках, то напэўна, – усміхаючыся, адказвае мужчына.
Хаця знешне яны зусім не падобныя. Гаваруха сапраўдная палеская прыгажуня – вараной масці, якая зіхаціць, адліваецца ў сонечных промнях. Кабылка па характары вельмі спакойная, паслухмяная. Банцік – гняды, рахманы. Удзельнічаў у выставе “Белагра”, дзе выклікаў захапленне ў шматлікіх наведвальнікаў. Ходзіць пад сядлом і ў вазку.
– Сапраўдны чыстакроўны паляшук, – з пяшчотай у голасе кажа пра свайго гадаванца Міхаіл Казун. – Адпавядае ўсім параметрам палескай папуляцыі.
– А імёны жарабяткам хто звычайна дае? – дапытваюся ў коневода.
– Мы цесна супрацоўнічаем з Тамарай Дракінай, галоўным заатэхнікам па конегадоўлі “Белплемживобъединения”, што ў Мінску. Дадзеныя па кожнаму народжанаму жарабяці паступаюць да яе. Мянушкі таксама яна надае і ў іх вельмі важна прытрымлівацца пэўнага правіла – у слове, з якога складаецца мянушка, павінны прысутнічах літары іх бацькоў. У Банціка поўнае імя – Банцік 99.
Напрыканцы размовы робім невялічкую фотасесію для нашых галоўных герояў – Банціка і Гаварухі, якіх трымаюць за аброць Міхаіл Казун і Міхаіл Арашкевіч. Гаваруха, як і належыць сапраўднай паненцы-прыгажуні, стаіць ганарліва, ускінуўшы галаву, а Банцік нецярпліва перабірае нагамі, памерваючыся з месца кінуцца ў галоп. На развітанне гладжу па аксамітавай поўсці скакуноў, якія нават і не здагадваюцца, што зусім хутка іх жыццё карэнным чынам пераменіцца, і яны стануць упрыгажэннем падворка самога Прэзідэнта нашай краіны – Аляксандра Лукашэнкі.
Кацярына Яцушкевіч.
Газета "Лунінецкія навіны" ад 9.10.2024 года
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram