Эдуард Севярын: "Дзяржаўныя сімвалы з’яўляюцца непарушным падмуркам нацыянальнай самабытнасці"
Флаг, герб і гімн Рэспублікі Беларусь – галоўныя атрыбуты дзяржавы, увасабленні духу нашай нацыі, якія нясуць у сабе яе багатую гісторыю, непарушныя каштоўнасці і светлыя памкненні. Яны нагадваюць кожнаму грамадзяніну пра яго карані, пра тое, кім ён з’яўляецца, адкуль прыйшоў яго народ і куды накіраваны агульны шлях. У гэтых сімвалах заключаны гонар і душа беларусаў, нешта вечнае, што перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Па меркаванні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эдуарда Севярына, сімвалы з’яўляюцца непарушным падмуркам нацыянальнай самабытнасці, гарантыяй таго, што сэрца любімай краіны будзе жыць вечна!
– Для мяне паняцце “Радзіма”– гэта штосьці неабсяжнае. У першую чаргу – наш народ, наша Беларусь, маё Палессе, дзе нарадзіўся, і Лунінеччына, дэпутатам акругі якой з’яўляюся. Урэшце, гэта мой род і мая сям’я. Флаг, герб і гімн сапраўды ўнікальныя як з пункту гледжання мінуўшчыны краіны, так і яе спрадвечных традыцый. Яны ўвасабляюць у сабе ўсе тыя каштоўнасці, якія наш народ шляхам ня-простага гістарычнага працэсу змог адстаяць. Фраза з гімна “Мы, беларусы, – мірныя людзі…” характарызуе, наколькі цэнім мір і бяспеку. На гербе адлюстравана працавітасць суайчыннікаў, а флаг увасобіў гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Усё гэта аб’ядноўвала нас у розныя перыяды жыцця, выхоўваючы ў падрастаючых пакаленняў патрыятызм, пачуццё грамадзянскага абавязку і адказнасці за будучае Радзімы. Няхай свята напаўняе сэрцы беларусаў высокімі пачуццямі любові да Бацькаўшчыны! Жадаю ўсім моцнага здароўя, міру і дабрабыту!
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram