Горад будаўнікоў – гонар і радасць
У выхадныя Мікашэвічы адзначылі Дзень горада. У насычанай разнастайнымі мерапрыемствамі праграме святкавання галоўныя падзеі былі прысвечаны працаўнікам РУВП «Граніт», ААТ «Спецжалезабетон», БУ-63 і іншых мясцовых будаўнічых арганізацый. І невыпадкова. Сёння практычна кожная гарадская сям’я ў той ці іншай ступені мае дачыненне да гэтай ганаровай прафесіі. А дзякуючы пастаянным старанням яе прадстаўнікоў, населены пункт не толькі набыў цяперашняе сучаснае аблічча, але і працягвае штогод прырастаць новымі жылымі дамамі, магазінамі і іншымі сацыяльна-бытавымі аб’ектамі.
Пачалося ўсё з калектыву РУВП «Граніт», дзе прайшло ўручэнне пасведчанняў «Лепшы па прафесіі». Пераможцаў штогадовага конкурсу віталі прадстаўнікі ўлады, кіраўнік прадпрыемства са сваімі намеснікамі, калегі і родныя. Не менш цёпла сэрцу і душы было ў глядзельнай зале Палаца культуры, дзе працягнулася імпрэза. Дружнымі апладысментамі прысутныя дзякавалі землякам, адзначаным за шмат-гадовую добрасумленную працу і іншыя заслугі ўзнагародамі розных узроўняў. Свой падарунак у выглядзе цудоўнага канцэрта галоўным героям дня адрасавалі Сняжана Соц, Ілья Капліч, Эрыка Дземідовіч, Ксенія Калошыц і іншыя самадзейнікі Палаца культуры. А яшчэ – папулярная беларуская спявачка Ганна Шаркунова.
Здавалася, выставай спецыялізаванай будаўнічай тэхнікі і экскурсіяй у гранітны кар’ер, якія сталі традыцыйнымі атрыбутамі святочнай праграмы, ужо наўрад ці каго можна здзівіць. Тым не менш, яны зноў прыцягнулі ўвагу жыхароў і гасцей Мікашэвіч, асабліва – дзіцячага ўзросту. Дзяўчынкі і хлопчыкі, а таксама іх мамы і таты, з радасцю скарысталіся магчымасцю зблізку паглядзець на аўтамабільныя краны, пагрузчыкі, вышкі і грэй-дзеры, «БелАЗы» і “МТЗ” рознай мадыфікацыі, экскаватары.
Вялікую цікавасць выклікаў «Горад майстроў», арганізаваны мясцовай рамесніцай Алёнай Зінюк і іншымі ўмельцамі, якія прапаноўвалі вырабы з палімернай гліны, пацерак і паперы. Многа было ахвотнікаў скарыстацца паслугамі фотазоны: пераапрануцца ў адзенне розных гістарычных эпох і зрабіць здымкі на памяць. Нямала наведвальнікаў сабралі гандлёвыя палаткі індывідуальных прадпрымальнікаў, філіялаў «Грамадскае харчаванне» і «Мікашэвіцкае РГП» райспажыўтаварыства, а таксама – разнастайныя атракцыёны для дзяцей і дарослых.
Прыхільнікі актыўнага ладу жыцця з карысцю правялі час на гарадскім стадыёне, дзе для іх арганізавалі першынство па дартсе і гіравым спорце. Дзякуючы старанням трэнераў РУВП «Граніт» Аляксея Шаўчэнкі і Аляксандра Байды, у захапляльнае відовішча ператварылася конкурсна-забаўляльная праграма «З любоўю да футбола». Больш як два дзясяткі школьнікаў рознага ўзросту змагаліся ў спрыце жангліраваць мячом і тэхніцы яго вядзення, спрынтарскім бегу. Узнагародамі сталі яркія скураныя мячы для гульні ў міні-футбол, прадстаўленыя гранітаздабываючым прадпрыемствам.
Пасля поўдня жыхароў і гасцей Мікашэвіч сабрала на плошчы каля Палаца культуры ўрачыстасць у гонар Дня горада і прафесійнага свята будаўнікоў. Усіх удзельнікаў мерапрыемства павіншавалі са знамянальнай падзеяй старшыні: райвыканкама – Аляксандр Пачко, райсавета – Віктар Рафаловіч і гарвыканкама – Галіна Сыцэвіч, кіраўнікі: ААТ «Спецжалезабетон» – Васіль Басевіч, РУВП «Граніт» – Эдуард Гаўрылковіч і БУ-63 – Аляксандр Дудзіч. Лепшым яны ўручылі ганаровыя граматы і падзякі. Вышэйшы знак жаночай доблесці – Ордэн Маці – атрымалі жыхаркі Мікашэвіч Вольга Кузьміч, Таццяна Янковіч, Іна Канапацкая і Таццяна Кішкевіч з Сінкевіч. Кожная з жанчын падарыла жыццё 5 дзеткам.
Памятным падарункам за перамогу ў конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне сярод арганізацый адзначаны калектывы РУВП «Граніт» і філіяла ТЦСАН. Звання «Дом узорнага парадку» ўдастоена прыватная забудова Мікалая Іўчанкі па вуліцы Светлая. Юбілейнае пасведчанне рэгістрацыі шлюбу ўручылі Любові і Уладзіміру Афанасьевым, якія ў гэтым годзе адзначылі рубінавае вяселле. Не засталіся без увагі і маладыя бацькі Анатоль і Таццяна Івашкевічы. Іх маленькая дачка Дар’я стала сотым дзіцём, зарэгістраваным у Мікашэвічах. Падарунак, падзячны ліст і кветкі ўручылі ўраджэнцу горада гранітаздабытчыкаў Антону Сачыловічу, які заваяваў залаты медаль на спаборніцтвах па дзюдо на сусветнай гімназіядзе ў турэцкім горадзе Трабзоне. Невычэрпнай творчай фантазіі шчыра жадалі Веры Вабішчэвіч, Вікторыі Буневіч і іншым рамеснікам, дэбю-таваўшым са сваімі работамі на Дні горада.
Віншаванні галоўным героям дня адрасавалі самадзейныя артысты Лунінеччыны, якія больш дзвюх гадзін дзяліліся з гледачамі весялосцю. Эстафету ў іх падхапілі калектыў барабаншчыкаў «Dreamkiller», выхаванцы цэнтра мастацтваў «Арт-платформа», балет «Вегас» пад кіраўніцтвам Вольгі Шамровай і іншыя зоркі беларускай эстрады. Завяршылася святочная праграма феерверкам і дыскатэкай.