Лунінец: ухіліст «атрымаў» арышт на два месяцы
МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

Лунінец: ухіліст «атрымаў» арышт на два месяцы

Крымінальная справа ў адносінах 22-гадовага вяскоўца, які ўхіліўся ад мерапрыемстваў прызыву, разгледжана судом Лунінецкага раёна. Адметна тое, што пасяджэнне мела выязны фармат і прайшло ў актавай зале міжрайваенкамата.

– Сёлета ў красавіку малады чалавек, знаходзячыся ў будынку ваеннага камісарыята, пад асабісты подпіс атрымаў павестку, – расказаў дзяржаўны абвінаваўца, у ролі якога выступаў намеснік пракурора Аляксандр Кахавец. – Згодна з дакументам, 17 мая вясковец абавязаны быў з’явіцца для прахо-джання медыцынскага агляду. Але наўмысна і без уважлівых прычын не прыйшоў ні ў вызначаную дату, ні да заканчэння тэрміну мерапрыемстваў па прызыве. Была ўзбуджана крымінальная справа па абвінавачванні грамадзяніна К. ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

На допыце мужчына прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. Паводле яго слоў, ён баяўся ісці ў армію, таму паступіў такім чынам. Таксама растлумачыў, што дакументаў, якія пацвердзілі б прычыны для няяўкі ў ваенкамат ва ўстаноўленыя тэрміны, не мае. Разам з тым, начальнік аддзела прызыву падпалкоўнік Руслан Клюкач, якога запрасілі ў якасці сведкі, пераканаў, што папярэджваў вяскоўца аб адказнасці за ўхіленне і прымаў меры для высвятлення яго месцазнаходжання.

У выніку суд палічыў, што віна маладога чалавека даказана, і прызначыў пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 2 месяцы. Мера стрымання да ўступлення прыгавору ў законную сілу пакінута ранейшая – падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах. У асуджанага ёсць 10 сутак для падачы апеляцыі ў вышэйшую інстанцыю.

Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть