Марафон добрых спраў працягваецца ў Лунінецкім раёне
МикашевичиНовости районаОбществоБлаготворительностьМолодежьОбразование

Марафон добрых спраў працягваецца ў Лунінецкім раёне

Жнівень для бацькоў школьнікаў асабліва багаты на клопаты, таму што сабраць сыноў і дачушак да новага навучальнага года – задача няпростая. Да таго ж, суправаджаецца немалымі фінансавымі расходамі.

Прадпрыемствы, арганізацыі, установы і грамадскія аб’яднанні імкнуцца аказаць усемагчымую падтрымку тым сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу. Так, актыўны ўдзел у акцыі “Дзеці ідуць у школу” прымае райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Старшыня Вольга Ермалёнак зазначыла, што на гэтыя мэты вы-дзелілі больш як 15 тысяч рублёў за кошт усіх крыніц. Матэрыяльную дапамогу атрымаюць каля 150 членаў прафсаюза. Не застаюцца ўбаку пярвічкі сельгаспрадпрыемстваў. Па меры сваіх фінансавых магчымасцей яны выплачваюць сродкі работнікам, у якіх мнага-дзетныя ці малазабяспечаныя сем’і. У некаторых калектывах набывалі канцылярскія прыналежнасці і ва ўрачыстай абстаноўцы ўручалі іх навучэнцам. Так зрабілі на Палескай доследнай станцыі, у сельгаспрадпрыемствах “Велута” і “Міжлескае”.

Да новага навучальнага года рыхтуюцца ў райкаме прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Яго лідар Нэлі Рафаловіч падзялілася, што сёлета выдаткавалі 2400 рублёў. Сродкі размеркавалі па канкрэтных адрасах, дзе пражывае 71 школьнік. Таксама не забылі пра дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Мікашэвічах (на здымку). Работу ў дадзеным напрамку яшчэ працягваюць.

Закупкай неабходных тавараў да школы займаюцца ў раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Яе старшыня Раіса Мазырчук падкрэсліла, што ў рамках акцыі “У школу – з “Белай Руссю” з прыемнай місіяй пабываюць у дамах сямейнага тыпу ў райцэнтры і Язвінках, некаторых прыёмных і нядобранадзейных сем’ях. А яшчэ ў іх наладжана цеснае супрацоўніцтва з работнікамі сацыяльнай службы, з якімі правядуць сумесныя мерапрыемствы.

Чуласцю і спагадай славяцца актывісткі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” на чале са старшынёй Святланай Хлебус. Акцэнт яны зробяць на дапамозе выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра. А вось у райкаме БРСМ працягваецца акцыя “У школу – з добрым сэрцам”. У яе рамках калектывы прадпрыемстваў рыхтуюць канцылярскія прыналежнасці, якія пазней перадаюць юным землякам.

– Мы ўжо сустрэліся з прадстаўнікамі жыллёва-камунальнай службы, малочнага завода, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, гандлёвага цэнтра “Сіці”, – расказала першы сакратар Вікторыя Шчур. – У бліжэйшы час завітаем на “Граніт”, “Спецжалезабетон”, “Палессеэлектрамаш”, у РАНС і раён газазабеспячэння, іншыя ўстановы і арганізацыі. Тыя, хто яшчэ жадае паўдзельнічаць у дабрачыннасці, могуць патэлефанаваць на нумар 6-29-46. Давайце разам зробім Дзень ведаў для дзетвары яркім і запамінальным!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть