Мікашэвічы: надомнае абслугоўванне і жаданне радавацца жыццю
МикашевичиНовости районаОбщество

Мікашэвічы: надомнае абслугоўванне і жаданне радавацца жыццю

Як паказала знаёмства з калектывам Мікашэвіцкага філіяла Лунінецкага ТЦСАН, тут працуюць людзі па прызванні.

– Наш калектыў аказвае вялікі пералік паслуг гараджанам, – расказвае загадчык філіяла Алёна Сумар. – Надомным абслугоўваннем ахоплены 69 чалавек, з якіх 35 інвалідаў. Замацаваны за імі 9 сацыяльных работнікаў. Яшчэ ёсць 2 сядзелкі і 3 няні. З прафесійнымі абавязкамі выдатна спраўляюцца спецыялісты па сацыяльнай рабоце Галіна Карпец і Вольга Шэляговіч, а таксама кіраўнік гуртка Ала Пуляк. У пажылых землякоў карыстаецца папулярнасцю клуб “Натхненне”. На дадзены момант яго наведваюць 58 пенсіянераў. Акрамя таго, для старэйшага пакалення арганізавана дзейнасць гурткоў па інтарэсах самай рознай накіраванасці.

Другім домам стаў філіял і для 24 чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Дзякуючы клубу “САМІ”, гараджане не толькі праходзяць адаптацыю ў грамадстве, але і натхняюць адзін аднаго на творчасць і жаданне радавацца жыццю, нягледзячы ні на якія цяжкасці. У гэтым немалая заслуга спецыяліста па сацыяльнай рабоце Валянціны Ярмоліч і кіраўніка гуртка Алёны Зінюк.

– Усяго ў калектыве працуюць 22 чалавекі, – працягвае расказ Алёна Сумар. – Кожны – яркая асоба і прафесіянал у сваёй сферы. Усе разам мы з’яўляемся дружнай камандай, якая прысвячае сябе высакароднай справе – дапамозе тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Хочацца сказаць усім вялікі дзякуй за бясконцае цярпенне і невычэрпны аптымізм. Моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх пачынаннях і задумках!

На фота: Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, Алёна СУМАР, Галіна КАРПЕЦ і Валянціна ЯРМОЛІЧ.

Наталля Лялюк

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть