На Лунінеччыне практычна завяршылі выплату дапамогі да навучальнага года
На Лунінеччыне практычна завяршылі выплату аднаразовай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян, якія выхоўваюць дзяцей, да новага навучальнага года.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Семянчэнка ўдакладніла:
– Аказанне матэрыяльнай дапамогі прадугледжана Дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады”. Падтрымка ахоплівае бацькоў, якія выхоўваюць трое і больш непаўналетніх дзяцей. Выплаты ажыццяўляліся на кожнага хлопчыка ці дзяўчынку, што вучацца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі). Памер складаў 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, дзеючага на 1 жніўня гэтага года – 146 рублёў 32 капейкі, на аднаго школьніка.
На дадзеныя мэты з мясцовага бюджэту выдаткаваны 284 тысячы 159 рублёў 44 капейкі. Па традыцыі спісы рыхтавалі калектывы навучальных устаноў, куды бацькі прадастаўлялі неабходныя дакументы. Фактычна сродкі ўжо выплачаны 993 мамам і татам, каб падрыхтаваць 1942 школьнікі. Астатнія сумы пералічым да 25 жніўня, калі адбудзецца залічэнне навучэнцаў у першыя і дзясятыя класы.
Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram