Почувствуйте дыхание природы: по лозовой долине в самое сердце Полесья
Лунінеччына – чароўны і непаўторны куточак Палесся, што славіцца сваімі ўнікальнымі мясцінамі, напоўненымі загадкавай таямнічасцю балот, першароднай прыгажосцю навакольнага асяроддзя, чыстым, як крышталь, Белым возерам і магутнай Прыпяццю. Тут кожны куточак нечым адметны, авеяны шматлікімі старадаўнімі легендамі і паданнямі. Гэта сапраўды запаведная зямля, якую бласлаўляюць, узмахваючы крыламі белыя буслы і шэрыя чаплі, услаўляюць шматгалосым напевам жаваранкі і салаўі, што спяваюць свой адвечны гімн небу і жыццю. Нам пашчасціла жыць і тварыць у гэтым цудоўным краі, бязмежна багатым на разнастайны прыродны свет, флору і фаўну. І ад нас залежыць, што мы пакінем сваім нашчадкам.
Тэма аховы навакольнага асяроддзя надзвычай хвалюючая і блізкая для дырэктара ДПУ “Заказнікі рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” і “Лунінскі” Віктара Кацубы, які расказвае аб тым, як важна сёння захаваць біяразнастайнасць прыроднага свету:
– У ліпені 1999 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне аб стварэнні рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Сярэдняя Прыпяць”, мэта якога зберагчы ўнікальную пойменную сістэму ракі Прыпяць – сапраўднай палескай Амазонкі. А каб убачыць на ўласныя вочы ўсё гэта хараство, мы і накіруемся туды, у наш эколага-асветніцкі цэнтр, пройдземся па лазовай даліне і, калі пашанцуе, убачым вяртлявую чарацянку альбо чорнага бусла, што гняздуюцца ў гэтых мясцінах.
Па дарозе, якая займае некалькі хвілін язды на ўсюдыходнай “Ніве”, Віктар Аляксандравіч гаворыць аб спецыфіцы сваёй работы, аб планах на будучыню, якія сапраўды грандыёзныя. Уражвае, з якім шчырам замілаваннем ён адгукаецца аб Прыпяці, на якой, лічы, што прайшло яго шчаслівае дзяцінства: у пойме вялікай ракі знаходзіўся сенакос дзядулі. Віктар, яшчэ будучы падлеткам, дапамагаў нарыхтоў-ваць сена для жывёлы, захапляючыся першароднай прыгажосцю навакольных краявідаў.
– Ведаеце, нельга застацца раўнадушным ад старажытнай ракі з яе пойменнымі лугамі, затокамі, старыцамі, раскідзістымі дубровамі, з вялікай колькасцю пералётных птушак, сярод якіх ёсць белая чапля, шэры журавель, арлан-белахвост і іншыя прадстаўнікі фаўны, – працягвае мяне знаёміць з заказнікам дырэктар. – У даліне Прыпяці сканцэнтраваны самыя вялікія плошчы натуральных алювіяльных ландшафтаў не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ўсёй Еўропы. Флора заказніка таксама вельмі ўнікальная. Тут вы можаце ўбачыць сальвінію плывучую, белага гарлачыка, луннiка ажываючага, зубніцу клубняносную, пярэсну еўрапейскую, сон лугавы, касач сібірскі, дуднiк балотны, малачай махнаты, шпажнiк чарапiчны. Словам, усіх і не пералічыць.
А каб дакрануцца да ўсёй гэтай прыгажосці, спецыялісты заказніка распрацавалі некалькі цікавых і вельмі пазнавальных маршрутаў: водны, веласіпедны і пешы. Па адным з іх, які мае назву “Па лазовай даліне” мы і накіраваліся. Паўсюль на экалагічнай сцяжынцы абуладкаваны альтанкі для адпачынку і рэлаксацыі, павеці са сталом, ёсць спецыяльна адведзеныя месцы, дзе можна распаліць вогнішча і нават глядзельная вышка. Працягласць маршруту невялікая – каля двух кіламетраў. Але якое гэта неймавернае задавальненне прайсціся па спрадвечных і некранутых мясцінах, якія існавалі яшчэ тысячу гадоў таму, атрымаць асалоду ад цішыні і шматгалоснага спеву птушак! Здаецца, што ты зусім адзін у гэтым бязмежным свеце, напоўненым яркімі фарбамі і гаючым водарам чабору, медуніцы і мяты. Дыхаеш, і, здаецца, надыхацца не можаш гэтым паветрам, настоеным на гаючых зёлках. Быццам бы ўгадаўшы мае думкі, Віктар Аляксандравіч адзначае, што самы смачны і карысны мёд – з разнатраўя прыпяцкіх лугоў. Ён цёмны па сваім колеры і валодае лячэбнымі якасцямі. Мы праходзім цераз масток, і дырэктар з непрыхаванай трывогай адзначае, што ў апошнія гады адзначаецца спад вады ў Прыпяці. А сёлета нават не назіралася таго паўнаводдзя, што звычайна бывае вясною, калі рака разліваецца на дзясяткі кіламетраў, утвараючы сапраўднае мора Герадота.
– Тут павінна зараз стаяць вада, а яе няма, – наракае Віктар Кацуба, – а гэта не лепшым чынам адбіваецца на біяразнаснайнасці. Увогуле, Прыпяць і яе старыцы ды затокі – вельмі рыбныя мясціны. Сапраўдны рай для аматараў пасядзець с вудай! Але, на жаль, не ўсе людзі з беражлівасцю ставяцца да прыроды.
Віктар Аляксандравіч расказаў аб нядаўнім рэйдзе з супрацоўнікамі Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, падчас якога ў старыцы былі знойдзены незаконныя прылады для рыбнай лоўлі. У выніку было канфіскавана дзве сеткі, агульнай даўжынёй больш за 130 метраў, а ў іх былі 22 асобіны рыбы, сярод якіх – самы, сазаны, жэрах. Агульная вага браканьерскага ўлову склала каля 120 кіла-грамаў. Менавіта, такога кшталту рэйды – адзін з напрамкаў дзейнасці дырэктара прыродаахоўнага заказніка, як і барацьба з тымі, хто смеціць і забруджвае навакольнае асяроддзе. Работы шмат, улічваючы, што ў дзяржаўнай установе працуюць усяго некалькі чалавек.
– Калектыў у нас невялікі, але вельмі дружны, згуртаваны, – тлумачыць Віктар Аляксандравіч. – Гэта галоўны бухгалтар Таццяна Ліпская, вядучы спецыяліст Марына Брэзіна і спецыяліст першай катэгорыі Васіль Вярэніч, які ў нас майстар на ўсе рукі. Маецца яшчэ вакансія егера, калі ласка, звяртайцеся.
– А якія патрабаванні? – цікаўлюся. – Напэўна, неабходна спецыяльная адукацыя.
– Самае галоўнае – любіць прыроду, адчуваць яе патрэбы і не быць абыякавым назіральнікам, а клапаціцца пра будучыню роднага краю, – усміхаючыся, зазначае мой гід. – Вельмі важна, каб мы, сучаснікі, маглі перадаць гэтае неверагоднае прыроднае багацце нашчадкам. Захаваць унікальныя мясціны – наша непаўторнае Палессе, такога ва ўсім свеце больш няма.
Сапраўды так, мне пашчасці-ла пабываць у самым сэрцы нашага краю, паслухаць меладычны напеў старажытнай ракі, якую ў сваіх творах услаўлялі многія паэты і пісьменнікі, і наталіцца сілай і моцай роднай зямлі, дакрануўшыся да вялікага і магутнага дуба, а ён, напэўна, шмат чаго бачыў на сваім вяку.
Кацярына БурыкДалучайцеся да нашага канала ў Telegram