Правілам бяспекі вучаць з дзіцячага сада ў Лунінецкім раёне
З такой мэтай старэйшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лунінецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Качура правяла займальнае і пазнавальнае мерапрыемства па асновах бяспекі жыццядзейнасці для выхаванцаў старэйшай групы Сінкевічскага дзіцячага сада.
Прапагандыст нагадала юным слухачам асноўныя правілы бяспечных паводзін дома, на дзіцячай пляцоўцы, у лесе і ля вадаёма, распавяла пра алгарытм дзеянняў пры пажары ў доме і пра нумары тэлефонаў экстраных службаў.
Затым праз гульні «Выклік выратавальнікаў» і «Небяспекі ў кватэры» дзеці не толькі адпрацавалі алгарытм перадачы паведамлення аб надзвычайнай сітуацыі, але і разгледзелі небяспечныя месцы, якія могуць сустрэцца ім дома.
Завяршылася мерапрыемства памятнымі фотаздымкамі і ўручэннем наглядна-выяўленчай прадукцыі з карыснымі парадамі ад ратавальнікаў.
МНС нагадвае: паважаныя бацькі, паклапаціцеся аб бяспецы сваіх дзяцей! Прыбярыце ў недаступныя месцы запалкі і запальніцы, вострыя і колючыя прадметы, лекі і сродкі бытавой хіміі. І самае галоўнае, не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду.
Па інфармацыі абласного ўпраўлення МНС
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram