Тоны і кіламетры Уладзіміра Тарасені з Лунінецкага раёна
МикашевичиНовости районаОбществоЭкономикаАгропром

Тоны і кіламетры Уладзіміра Тарасені з Лунінецкага раёна

На працягу 33 год вадзіцель грузавога аўтамабіля з дзяржаўнага прадпрыемства «Велута» Уладзімір Тарасеня курсіруе не толькі па палетках роднай гаспадаркі, але і ажыццяўляе мноства камандзіровак па ўсёй краіне. 

– Люблю сваю прафесію, – усміхаецца вясковец. – Хоць і стамляешся, бывае, але прыемна, што пераадолеў добры адрэзак шляху. Без руху становіцца сумна.

Пасля заканчэння Вялуцкай сярэдняй школы юнак прайшоў навучанне ў тагачасным ПТВ-160. Потым была служба ў арміі ў аўтамабільных войсках у Адэсе. Прыгожы горад і цёплы клімат спадабаліся, але цягнула дадому, на роднае Палессе. Вярнуўшыся, доўга не раздумваў, уладкаваўся на работу ў мясцовы калгас.

– Неяк само сабой атрымалася, – успамінае суразмоўнік. – Ёсць пасведчанне, прапанавалі паспрабаваць. Адправіўся ў першы рэйс, другі… Так дагэтуль і еду.

Першым транспартным сродкам быў старэнькі “ЗІЛ”, які даводзілася часта рамантаваць. Але клопаты кампенсаваліся тым, што назаўтра былі жаданыя кіламетры. Яго змяніў “ГАЗ-53”, потым даверылі “МАЗ”. У 2022-ім з 10-тоннага вопытны працаўнік перасеў на 20-тонны. Менавіта на новым аўтамабілі Уладзімір Гардзеевіч летась падчас жніва трапіў у тройку лідараў у раённым спаборніц-тве сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня ад камбайнаў да сушыльных установак. Тысячнікам стаў і сёлета.

Падчас закладкі зялёнай масы ён таксама ў страі – тэхніка надзейная, можна за дзень зрабіць больш як дзясятак рэйсаў у залежнасці ад адлегласці з нівы да траншэі. У такія адказныя перыяды даводзіцца адкладваць асабістыя планы, каб паспець нарыхтаваць кармы ці ўбраць вырашчанае.

Блізкія з разуменнем ставяцца да занятасці галавы сям’і ў гарачы для сельгаспрадпрыемства час. Жонка Алена Аляксееўна – кладаўшчык і лабарант на ферме. Ужо выраслі і ў самастойны шлях пайшлі дзеці, якія асталяваліся ў Брэсце: сын Алег па прыкладу бацькі стаў вадзіцелем, дачушка Юлія выбрала спецыяльнасць медыцынскай сястры. Дарэчы, яна парадавала бацькоў любімымі ўнукамі – Івану споўнілася 7 год, Дзіме ідзе чацвёрты. Малышы ахвотна едуць у Велуту, дзе бабуля і дзядуля іх ахутваюць шчырай любоўю. А яшчэ тут можна разгледзець вялікую машыну, сфатаграфавацца каля яе і пасядзець у кабіне.

Уладзімір Гардзеевіч расказвае, што нядаўна яны са спадарожніцай адзначылі 30-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Тады ж заняліся і будаўніцтвам дома. Няпроста давалася яго ўзвядзенне, але ўсё, аб чым марылі ў юнацтве, урэшце збылося. У пакоях утульна, у сэрцах жывуць ранейшыя пачуцці, якія пашырыліся замілаванасцю да дзяцей і маленькіх унукаў. Прыносіць радасць і любімая работа. А ў тыя моманты, калі ёсць асаблівыя дасягненні, паяўляецца гонар за сваю прафесію.

У земляробчы сезон клопатаў хапае пастаянна. Улічваючы гэта, вадзіцель загадзя правёў рамонт і абслугоўванне свайго жалезнага “каня”. Вядома, ад нечаканасцей ніхто не застрахаваны, паломка можа здарыцца ў любы момант. Тады на дапамогу абавязкова прыйдуць калегі – даўно так павялося, што ў складанай сітуацыі мужчыны дзейнічаюць адной камандай.

– Шафёрскае братэрства заўсёды было важным, – адзначае Уладзімір Тарасеня. – Узаемавыручка станоўча ўплывае на агульны вынік, бо пры зладжаных дзеяннях людзей не адбываецца прастояў тэхнікі. Усё задавальняе, толькі моладзі ў калектыве малавата. Няварта баяцца работы ў сельскай гаспадарцы. У параўнанні з ранейшым, цяпер тут створаны выдатныя ўмовы. Ёсць кандыцыянеры, хапае камплектуючых і палі-ва. Таксама прапануецца добры сацыяльны пакет, зацвер-джаны графікі працоўнага спаборніцтва. Што датычыць заработнай платы, то яна залежыць ад колькасці зробленага. Як гаворыцца, усё ў руках.

Марыя Аляксандрава, фото з архіва

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть