Уборка кукурузы на сілас працягваецца ў Лунінецкім раёне
Работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна актыўнымі тэмпамі вядуць уборку кукурузы на сілас. Заняты на адказным працэсе і калектыў Палескай доследнай станцыі.
Усяго некалькі тыдняў таму Генадзь Алейнік знаходзіўся за штурвалам збожжаўборачнага камбайна. Умее ён віртуозна кіраваць і корманарыхтоўчай тэхнікай – вопыт работы складае больш як 30 год. Першыя ўрокі майстэрства даў бацька Мікалай Фёдаравіч, які ўсё жыццё быў механізатарам.
Падчас наведвання гаспадаркі закладка зялёнай масы ў траншэю ажыццяўлялася каля МТФ №6 у Бастыні. Галоўны аграном Яўген Грыневіч растлумачыў, што зараз земляробы ўбіраюць палеткі, размешчаныя непадалёк ад жывёлагадоўчага аб’екта. Пры невялікай адлегласці задзейнічана меншая колькасць транспарту для адвозкі. Гэта дазваляе накіраваць дадатковую тэхніку на выкананне іншых неадкладных заданняў, бо перыяд зараз напружаны: ідуць уборка саломы, сяўба сурэпіцы і апрацоўка глебы пад азімыя культуры.
На “Амкадоры” курсіраваў па траншэі Генадзь Неўдах (на здымку). Уладкаваўся на Палескую доследную станцыю тры гады таму, але вопыт ёсць – да гэтага больш як дзесяцігоддзе працаваў у “Райаграсервісе”. Якаснае ўкрыванне запоўненай траншэі немагчыма выканаць без дапамогі паляводаў. Там, дзе не дойдзе тэхніка, жанчыны хуценька паправяць уручную. Адказна ставяцца да сваіх абавязкаў Дар’я Наварыч, Лізавета Шыгаўдзінава, Марыя Хаміцкая і Юлія Арашкевіч.
Падчас нарыхтоўкі зялёнага корму строга вытрымліваюцца ўсе тэхналагічныя патрабаванні, работы праводзяцца ў сціслыя тэрміны. Галоўная мэта – атрыманне якаснай прадукцыі. У гаспадарцы пасеяна 1600 гектараў кукурузы. Убраць яе – задача не аднаго тыдня, але земляробы спадзяюцца, што справяцца своечасова. На чацвер у Палескай доследнай станцыі нарыхтавалі 2213 тон кукурузнага сіласу. Убрана 6,3 працэнта плошчаў, ураджайнасць складае 228 цэнтнераў з гектара.
Марыя ЯРАХОВІЧ. Фота аўтара.
Лунінецкія навіны ад 30 жніўня
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram