Жыхара Вулькі 2 узялі пад варту за наркотыкі (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

Жыхара Вулькі 2 узялі пад варту за наркотыкі (Лунінецкі раён)

Пракуратура Лунінецкага раёна санкцыянавала прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да маладога чалавека, які незаконна без мэты збыту набыў і захоўваў асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

Згодна з матэрыяламі справы, якая сёння знаходзіцца ў вытворчасці раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі РАУС затрымалі 18-гадовага жыхара Вулькі 2, які пры сабе меў не менш як 0,21 грама альфа-PVP. Супрацьпраўныя дзеянні кваліфікаваны па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Можна не сумнявацца, што пакаранне будзе сур’ёзным. Таму яшчэ раз растлумачым, што чакае тых, хто аднойчы вырашыць пераступіць рысу законнасці.

Крымінальная адказнасць па названым артыкуле наступае да асобы, якая незаконна без мэты збыту вырабляе, пера-працоўвае, набывае, захоўвае, перавозіць ці перасылае наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі або прэкурсоры. Частка 1 прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да 5 год або яе пазбаўленне ад 2-ух да 5-ці. Калі ж будзе ўстаноўлены і даказаны факт збыту, то ніякай альтэрнатывы, акрамя пазбаўлення волі да 8 год са штрафам ці без яго, няма.

Што датычыць тых жа дзеянняў, учыненых групай людзей ці службовай асобай з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў, ці грамадзянінам, якога раней прыцягвалі да адказнасці за аналагічнае ці падобныя злачынствы, або збыт ажыццяўляўся на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, вайсковай часці, у месцах утрымання пад вартай ці лячэбна-працоўным прафілакторыі, падчас масавага мерапрыемства або загадзя непаўналетняму, яны будуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 6 да 15 год са штрафам ці без яго.

У жыцці здараецца рознае, і ад ужывання наркатычнай атруты чалавек, на жаль, можа загінуць. У гэтым выпадку вінаватаму пагражае пакаранне ад 12 да 25 год, якія ён правядзе ў калоніі, са штрафам ці без.

Разам з тым, грамадзянін можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасці пры сукупнасці дзвюх умоў: добраахвотнай здачы наркатычных сродкаў, псіхатропаў, прэкурсораў і актыўным спрыянні раскрыццю ці спыненню злачынства, выкрыццю асоб, якія яго ўчынілі, выяўленню маёмасці, здабытага незаконным шляхам.

Яшчэ адна новая крымінальная тэндэнцыя – паяўленне так званых “спорцікаў”. У першую чаргу ў наркатычны “бізнес” уцягваюцца падлеткі і моладзь, якім абяцаюць вялікі, лёгкі і хуткі заробак. Ёсць эпізоды, калі “заказчыкі” калечылі рукі за тое, што “выканаўцы” прысвойвалі грошы ці недастаткова добра спраўляліся з даручанымі заданнямі. Восенню мінулага года ў Беларусі пачалі фіксаваць першыя выпадкі спецыфічных здзекаў над закладчыкамі. З боку наркамаркетаў існуе дакладная інструкцыя, як такія калектары павінны дзейнічаць. Сума ўзнагароджвання “за работу” залежыць ад колькасці і ступені прычыненых цялесных пакалечанняў… Працуюць групамі. Хтосьці наносіць, а хтосьці здымае – для справаздачнасці.

Падобныя дзеянні, як правіла, кваліфікуюцца па частцы 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з яе санкцыяй, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 20 год са штрафам ці без яго.

Уладзіслаў ЦЯЛЬПУК, стажор на пасадзе памочніка пракурора.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть