Зямля і развіццё бізнесу. Пытанні лунінчан да Валянціна Зайчука
Зямля і развіццё бізнесу. Такая тэматыка аб’яднала пытанні ад жыхароў Лунінеччыны ў ходзе выязнога прыёму грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які нядаўна правёў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук.
Спачатку ў кабінет завітала гараджанка. Вось ужо трэці год запар жанчына спрабуе разабрацца ў зямельнай спрэчцы з суседам. Справа ў тым, што адбылося накладанне ўчасткаў. Тэхнічную памылку ў свой час дапусціў работнік праектнага інстытута, а сын землекарыстальніка, не маючы на тое права, падпісаў згоду ў адносінах праведзеных работ па ўстанаўленні граніцы… Даволі заблытаная гісторыя не раз прымушала лунінчанку шукаць выйсце і бываць на розных прыёмах, аднак знайсці рашэнне, якое задаволіла б усе бакі, пакуль не ўдалося. Валянцін Міхайлавіч узяў праблему заяўніцы на асабісты кантроль. Па выніках дэталёвага і ўсебаковага разбіральніцтва жанчына атрымае пісьмовы адказ.
Другім наведвальнікам стаў жыхар раёна, які займаецца свінагадоўляй. У мужчыны ёсць асабістая дапаможная гаспадарка, але ён намерваецца развіваць свой бізнес. На гэтыя мэты патрэбны памяшканні. Парадак і ўмовы набыцця аб’ектаў сельскагаспадарчага назначэння і сталі нагодай для візіту да Валянціна Зайчука, які даў тлумачэнні і параіў прыняць удзел у маючых адбыцца аўкцыённых таргах.
Таксама на прыём прыйшоў прадстаўнік адных з вядомых на Лунінеччыне фермерскіх гаспадарак, якія займаюцца ў тым ліку вырошчваннем пладовых дрэў і жадаюць пашырыць сферу дзейнасці: за-класці вішнёвы і парэчкавы сады, наладзіць акустычную замарозку пладова-ягаднай і пладова-агародніннай прадукцыі, вырабляць сельскагаспадарчыя машыны. У планах – шэраг іншых інвестыцыйных праектаў. Разам з тым, для іх рэалізацыі неабходны дадатковыя зямельныя плошчы. Першы намеснік старшыні аблвыканкама запэўніў вяскоўца ў пошуку прымальнага варыянта.
– Зямельныя пытанні часта задаюць падчас выездаў у раёны, – падкрэсліў Валянцін Зайчук. – Калі гаварыць лічбамі, то тэма аб’ядноўвае прыкладна дзве трэціх ад агульнай колькасці зваротаў. У кожнага чалавека – індывідуальная праблема, і, безумоўна, важна дапамагчы яму ў рамках дзеючага заканадаўства.
Наталля Паўлюкевіч.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram