Агракласы ў навучальных установах Лунінецкага раёна
Новости районаОбществоОбразованиеАгропром

Агракласы ў навучальных установах Лунінецкага раёна

Тры гады таму ў некалькіх навучальных установах Лунінеччыны былі створаны класы аграрнай накіраванасці. Іх мэта – больш падрабязна пазнаёміць старшакласнікаў з прафесіямі сельскагаспадарчай галіны, дзе ў апошні час адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў.

Ажыццяўляць новы накірунак пачалі ў сярэдніх школах аграгарадкоў Багданаўка, Велута і Вялікія Чучавічы. Вучням 10 і 11 класаў прапанавалі на выбар некалькі профіляў, адзін з якіх – аграрны. Ахвотнікаў сярод падлеткаў знайшлося нямала, таму пачынанне мае працяг і сёлета. Больш таго – у гэтым навучальным годзе да існуючых далучылася Краснавольская яслі-сад-СШ. 

Праграма ўключае ў сябе два факультатыўныя заняткі ў тыдзень. На базе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта распрацавана спецыяльная метадычная літаратура, дзякуючы якой навучанне праходзіць у цікавай і даступнай форме. Тэмы абшырныя – старшакласнікі знаёмяцца, як правільна ўтрымліваць і даглядаць жывёлу, вылічваць рацыёны кармлення, весці селекцыйную работу. У раслінаводстве свае тонкасці – вывучаюць састаў глебы, сева-зварот, удабрэнні, адаптацыю раслін да кліматычных умоў рэгіёна. 

Але адной тэорыі недастаткова, таму для вучняў агракласаў з Велуты і Вялікіх Чучавіч была арганізавана экскурсія на вытворчыя аб’екты ААТ “Вулькаўскі світанак”. Гаспадарка эканамічна моцная, з самымі сучаснымі агрэгатамі і абсталяваннем. Падлеткі змаглі паназіраць за вытворчым працэсам на жывёлагадоўчых фермах, пазнаёміцца з характарыстыкамі глебаапрацоўчай тэхнікі і даведаліся пра ўмовы работы.

– Важна пазнаёміць будучых абітурыентаў з рэальным станам спраў у аграрным сектары, каб яны мелі правільнае ўяўленне аб розных прафесіях, – упэўнена настаўніца біялогіі Вялікачучавіцкай СШ Ірына Грыцкевіч, якая вядзе заняткі ў агракласе (на здымку). – Старшакласнікі цікавяцца рознымі аспектамі, любяць пазнаваць усё новае. Нядаўна пабывалі на экскурсіі ў Палескім універсітэце, дзе бліжэй даведаліся аб спецыяльнасці “Прамысловае рыбаводства”. Праходзяць анлайн-семінары па садаводстве, пчалярстве. Падлеткі задаюць шмат пытанняў, шукаюць дадатковую інфармацыю ў інтэрнэце. Разам аналізуем прачытанае і пачутае. Нават калі гэтыя веды не спатрэбяцца ім у прафесійнай дзейнасці, то дапамогуць стаць больш эрудзіраванымі і адукаванымі. А, магчыма, нехта захоча заняцца цікавай і карыснай справай на аматарскім узроўні. 

Своечасовым і правільным накірункам лічыць стварэнне і дзейнасць агракласаў начальнік упраўлення райсельгасхарчу райвыканкама Аляксандр Савіна:

– У савецкі час механізацыя вытворчых працэсаў у калгасах і саўгасах была недастатковай, у многіх людзей дагэтуль існуе перакананне, што работа на палях і фермах фізічна цяжкая і непрэстыжная. Але зараз сітуацыя змянілася кардынальна. У сельскагаспадарчых прад-прыемствах ёсць самае сучаснае абсталяванне, тэхніка, камп’ютары. Моладзі трэба ведаць аб усіх дасягненнях, умовах працы. Гэта дапаможа зрабіць правільны прафесійны выбар. Спадзяемся, што ў бліжэйшай перспектыве сённяшнія школьнікі ахвотна прыйдуць на змену вопытным земляробам.

Варта дапоўніць, што веды, атрыманыя на занятках “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, даюць будучым абітурыентам перавагі пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы аграрнага профілю. Наша зямля, якая ва ўсе часы аддзячвала людзям за стараннасць багатымі ўраджаямі, чакае, каб і надалей на ёй шчыравалі ўмелыя, адукаваныя і адданыя працаўнікі.

Марыя Яраховіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть