Кіраванне без правоў у Лунінецкім раёне — штраф памерам 7 тысяч 400 рублёў
За кіраванне транспартным сродкам, не маючы на тое правоў, існуе адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. У снежні мінулага года ўраджэнец Мінска, маючы не знятую і не пагашаную судзімасць за падобнае злачынства (прычым, сума штрафу склала 100 базавых велічынь!), учыніў яго зноў.
Не паддаецца логіцы той факт, што грамадзянін., ведаючы аб тым, што не павінен садзіцца за руль аўтамабіля, усё-такі купляе машыну. Маўляў, планаваў разабраць яе па запчастках, але надарыўся момант выкарыстаць па прамым назначэнні. А дарэмна! Ахвотнік пакатацца без вадзіцельскага пасведчання хутка трапіў у поле зроку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, якія дзяжурылі на дарозе
М-10. З дакументаў у наяўнасці аказаліся толькі тэхпашпарт і страхоўка на транспартны сродак. Як і належыць, на парушальніка склалі некалькі пратаколаў, а “Форд” адправілі на ахоўваемую стаянку.
Падчас судовага разбіральніцтва 46-гадовы мужчына прызнаў сваю віну, ва ўчыненым раскаяўся. Згодна з прыгаворам, яму давядзецца выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь. На сённяшні дзень сума складае 7 тысяч 400 рублёў.
Падкрэслю, што санкцыі артыкула 317-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць такія пакаранні, як грамадскія ці выпраўленчыя работы, штраф, арышт з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю. Як бачым, артыкул мае больш прэвентыўны характар, чым каральны. У першую чаргу неабходна прадухіліць магчымыя сумныя наступствы – калецтвы ці смерць. “Бяспраўнікі” ведаюць аб адказнасці, але мяркуюць, што гэта іх не датычыцца. Некаторыя наогул перакананы, што выйдуць, так бы мовіць, сухімі з вады. Але ж трэба заўсёды памятаць, што пазбегнуць пакарання не ўдасца.
Юрый ПРАКАПЧУК, пракурор Лунінецкага раёна.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram