Маштабнае будаўніцтва, вытворчасць і новыя рабочыя месцы ў «Вулькаўскім світанку» Лунінецкага раёна
Малако — адна з галоўных крыніц прыбытку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Лунінецкага раёна. Таму асаблівая ўвага ўдзеляецца будаўніцтву і рэканструкцыі вытворчых памяшканняў. На новых МТФ значна ўзрастае прадукцыйнасць працы і істотна паляпшаюцца яе ўмовы. Гэтага, вядома ж, чакаюць і ад новай малочнатаварнай фермы, якая будуецца ў ААТ «Вулькаўскі світанак». Яе наведалі разам з дырэктарам Уладзімірам Соцам.
– Сучасная малочнатаварная ферма – мара кожнай гаспадаркі, якая займаецца малочнай жывёлагадоўляй. Яна дапамагае павялічыць прадукцыйнасць працы, знізіць выдаткі на абслугоў-ванне, спажыванне энергіі, вады, павялічыць вытворчасць малака, – праводзячы экскурсію, расказвае Уладзімір Іванавіч. – Новы аб’ект – МТФ “Любачын” – гэта комплекс будынкаў, аснашчаных усім неабходным: высокатэхналагічным абсталяваннем для даення, прасторнымі памяшканнямі для працы і адпачынку работнікаў, цёплымі бытавымі пакоямі. На яго ўзвядзенне выдаткавана 836 тысяч рублёў уласных сродкаў і 7 мільёнаў 102 тысячы – крэдытных рэсурсаў.
На МТФ – даільная зала паралельнага тыпу, якая дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы. Кампактная канструкцыя забяспечыць высокую прапускную здольнасць і хуткае даенне, жывёлаводы за лічаныя хвіліны змогуць пераходзіць ад адной групы кароў да іншай. «Фішкай» дадзенага аб’екта з’яўляецца дэльта-скрэперная сістэма гноювыдалення. Усе працэсы на ферме будуць максімальна механізаваны. Аб’ёмы прадукцыі ад гэтага толькі вырастуць, а якасць малака і ўмовы працы – палепшацца.
– Наша гаспадарка ніколі не адносілася да адстаючых, а за апошнія паўтара дзесяцігоддзя прагрэс вытворчасці відавочны, – канстатуе Уладзімір Іванавіч. – Мадэрнізаваны многія фермы, пабудаваны новыя – усе яны запоўнены: ні аднаго пустуючага будынка. Пагалоўе на 1 чэрвеня 2023 года складала 7260, што амаль на 400 больш, чым летась. Дойны статак – 2315. Летась на адну карову ў сярэднім надаілі 7540 кілаграмаў малака. Гэта – 110 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Прычым, больш за 90 працэнтаў малака рэалізавалі гатункам “экстра”. Але трэба рухацца наперад…
Як адзначыў Уладзімір Соц, новая малочнатаварная ферма – не толькі выдатная дапамога для далейшага эканамічнага развіцця сельгасарганізацыі і раёна, але і стварэнне новых рабочых месцаў.
Першая чарга жывёлагадоўчага аб’екта практычна гатова да здачы ў эксплуатацыю – справа за падключэннем вады. А ў поўную сілу МТФ “Любачын” запрацуе ў наступным годзе.
Алена ДАНІЛОВІЧ. Фота аўтара.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram