У Лунінцы адбылося першае пасяджэнне прызыўнай камісіі
У ваенным камісарыяце Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў прайшло першае пасяджэнне прызыўнай камісіі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Анатолем Захаркевічам.
Разам з ім гутарку з будучымі абаронцамі Айчыны вялі ваенны камісар Уладзімір Кахавец, начальнік аддзела прызыву Руслан Клюкач, намеснік начальніка РАУС Аляксандр Вярэніч, намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Таццяна Захарава і ўрач, які кіруе работай урачоў-спецыялістаў, Люд-міла Латышэвіч. Яны па чарзе знаёміліся з аса-бістымі справамі юных землякоў, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу.
У свой час выпускнік сярэдняй школы №1 райцэнтра Аляксандр Цяльпук павёз дакументы ў Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, дзе атрымаў навыкі тэхніка-будаўніка. У якасці маладога спецыяліста прыступіў да абавязкаў муляра ў філіяле “Баранавічыэнергабуд”.
– У маёй сям’і ўсе мужчыны служылі, таму добра ведаю, што значыць дысцыпліна і адказнасць, – расказвае юнак. – Ніколі не чуў гутарак, як бы прапусціць армейскі перыяд. Калі прыйшла павестка, цвёрда вырашыў – пайду! Памкненне падтрымалі блізкія, прычым, нягледзячы на тое, што паступіў на інжынерна-педагагічны факультэт БНТУ на завочную форму. Выказаў жаданне служыць па кантракце. Было б цудоўна трапіць у рады вайскоўцаў у новы зенітны полк, які дыслацыруецца ў нашым горадзе.
Усе шанцы трапіць у эліту Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ёсць у лунінчаніна Аляксандра Якубовіча. Здароўе і фізічная загартоўка дазваляюць яму стаць дэсантнікам. Атэстат сталасці малады чалавек атрымаў таксама ў СШ №1 райцэнтра, а рабочую спецыяльнасць – у Брэсцкім каледжы чыгуначнага транспарту. Сёння зямляк працуе электрамеханікам на станцыі Мінск-Пасажырскі.
Жаданне служыць у спецназе выказаў Андрэй Савіч з Багданаўкі. Пачутае не магло не ўзрадаваць Аляксандра Вярэніча, які пажадаў юнаку ўпэўнена ісці да пастаўленай мэты. А яшчэ за-прасіў завітаць у РАУС, каб азнаёміцца з перспектывай далейшага ўладкавання на службу ў органы ўнутраных спраў.
Няма сумненняў, што навыкі ваеннай спецыяльнасці, якую плануе набыць Кірыл Шкут з Лутавеня, спатрэбяцца і пасля звальнення ў запас. Папярэдне малады чалавек прызначаецца на пасаду начальніка радыёстанцыі. Яму зычылі даслужыцца да камандзіра аддзялення сувязі.
У прызыўнікоў застаецца ўсё менш часу да моманту, калі давядзецца змяніць цывільную вопратку на статутную. Наперадзе – чарговыя пасяджэнні прызыўнай камісіі, адбор прадстаўнікамі ўнутраных войскаў, пагранічнай службы і сіл спецыяльнага прызначэння. Адпраўка нава-бранцаў запланавана з 26 красавіка па 6 мая.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram